У Варшаве прайшла акцыя ў падтрымку гурта Tor Band
2022-11-07 20:02
Беларусы Варшавы выйшлі ў нядзелю на акцыю на пляц ля помніка Каперніку, каб падтрымаць затрыманы папулярны беларускі музычны гурт Tor Band.
Паводле ўдзельнікаў акцыі, песні гурта сталі брэндам жнівеньскай рэвалюцыі. Іх пелі як дарослыя, так і дзеці, кажа Ганна Федаронак:
– Я асабіста ведаю гэтых хлопцаў. Як мы ладзілі акцыю, збіралі ўсе раёны разам яшчэ ў лістападзе 2020 года пад Браславам. Збіралася чатыры раёны і запрашалі гэты гурт да нас. Гэта быў лістапад 2020, мы раз’язджаліся пасля таго канцэрта, нас перапісвалі АМАПаўцы. Калі былі маршы, то мы толькі гэтыя песні і спявалі, гэтыя песні кранаюць да глыбіні душы.
28-га кастрычніка ў Рагачове затрымалі ўдзельнікаў групы Tor Band разам з жонкамі музыкантаў. Зараз яны знаходзяцца ў Жлобінскм ізалятары. Іх пакаралі 15-суткавым арыштам.
Кліпы гурта на YouTube набралі больш мільёна праглядаў. Цяпер кліпы гурта зніклі.
Беларускае Радыё Рацыя