У Варшаве прайшла беларуска-ўкраінская навагодняя імпрэза для падлеткаў
2023-01-10 12:10
У Варшаве прайшла беларуска-ўкраінская навагодняя імпрэза для падлеткаў. Праграма ўключала iнтэрактыўныя забавы, конкурсы, выступы музыкаў і пачастункі.
“Сёння шмат дзяцей, якія вымушана пакінулі Беларусь і Украіну, страцілі сваё кола зносін і цяжка пераносяць адсутнасць сяброў, якія засталіся на радзіме. Таму мы і вырашылі зладзіць для іх гэтае свята”, – кажуць ініцыятары падзеі.
Суарганізатар Надзея падзялілася сваімі перажываннямі перад імпрэзай.
– Я хвалявалася за тое, што, можа, дзеці не захочуць прыйсці. Яны зараз, па-першае, у стрэсе ад таго, што пераехалі ў новае месца. А па-другое, сённяшнія падлеткі такія – у іх ужо ёсць шмат інфармацыі, яны могуць выбіраць. Я хвалявалася, што, можа, ім будзе нецікава, можа я гэта так бачыла, а яны не так. Таму мы ў іх пыталіся, хацелі гэтую супрацу зрабіць. Ведаеце, у нас добрая каманда, мы разумеем адно аднаго, нейкіх складанасцяў не было.
Усе ўдзельнікі актыўна ўключаліся ў гульні і забавы. Арганізатарамі імпрэзы стала Ініцыятыва бацькоў UpGrade. Яе мэта – дапамагчы падлеткам з адаптацыяй. Мерапрыемства прайшло ў Музеі Вольнай Беларусі.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя