У Варшаве прайшоў вечар памяці Рамана Бандарэнкі
2022-11-13 20:57
Падтрымаць блізкіх беларускага актывіста прыйшло шмат людзей. Некаторым нават не хапіла месца ў зале Музея Вольнай Беларусі, таму яны засталіся стаяць у калідоры.
Сваякі Рамана – маці Алена і сястра Вольга – выступілі са сцэны з прамовамі.
Акрамя таго, падчас імпрэзы ладзіліся мастацкія майстар-класы для дзяцей – такія Раман ладзіў пры жыцці. А напрыканцы вечару зайграў музыка Алесь Дзянісаў.
Беларускага актывіста забілі, калі яму быў 31 год. “Самаму галоўнаму Рома навучыў мяне пасля таго ўжо, як яго не стала”, – прызнаецца стрыечная сястра мужчыны Вольга Кучарэнка.
– Адбылася пераацэнка каштоўнасцяў як з людзьмі узаемадзейнічаць. Як часта ты не заўважаеш важнасць блізкіх людзей у тваім паўсядзённым жыцці. Хаця мы былі блізкімі і добра камунікавалі. Калі чалавек сыходзіць так рана, ты ўжо пасля яго смерці разумееш, на колькі яго табе не хапае, бо ён не паспеў нажыць такіх сумесных момантаў са мной, і я з ім, каб я магла зразумець, што гэтага было дастаткова.
Нагадаем, Раман Бандарэнка — беларускі актывіст, які імкнуўся спыніць знішчэнне бел-чырвона-белай сімволікі ў сваім двары (на Плошчы Перамен). Ён быў збіты і завезены на мікрааўтобусе групай невядомых у цывільным і масках. Крыху пазней яго даставілі з Цэнтральнага РУУС без прытомнасці ў бальніцу, дзе ад атрыманых траўм мужчына памёр.
Апошнім запісам Рамана ў дваровым чаце Telegram-канала перад тым, як ён спусціўся на пляцоўку, быў „Я выходжу”. Цяпер некаторыя ўдзельнікі акцый пратэсту ў Беларусі выкарыстоўваюць гэтую фразу як лозунг.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя