У Варшаве распачаліся паказы нямога кіно пад жывую музыку
2025-08-15 15:21
У Варшаве ў дворыку Музея Вольнай Беларусі распачаліся нямыя кінасеансы пад жывую музыку «Нямая ліхаманка». У праграме — як фільмы для дзяцей, так і для дарослай аўдыторыі.
Пра стужкі, фармат імпрэзы і яго важнасць Госця Рацыі, суарганізатарка імпрэз Ірэна Кацяловіч распавяла журналістцы Беларускага Радыё Рацыя Марыне Савіцкай.
РР: Вы запускаеце серыю паказаў фільмаў. Сама канцэпцыя на чым грунтуецца і як аб’яднаныя гэтыя стужкі?
Ірэна Кацяловіч: Канцэпцыя ў тым, каб даць магчымасць гледачу адчуць вось гэтае ўнікальнае сёння перажыванне прагляду нямога кіно ў новым музычным прачытанні, таму што нямое кіно звычайна паказвалася ў суправаджэнні тапёра, напрыклад. Можа, гэта была музыка не такая выкшталцоная, якую мы прадставім на фестывалі., але такая традыцыя падчас нямога кіно была. Ты прыходзіш на паказ, ты глядзіш толькі выяву і інтэртытры, побач сядзіць тапёр і грае за піяніна суправаджальную музыку. Мы хочам узнавіць у пэўным сэнсе такі фармат, вярнуць яго з тых былых часоў. На сёння ён унікальны, але ўсё яшчэ папулярны ў Еўропе, шмат такіх паказаў насамрэч. Калі ты дастаеш, умоўна, вось гэтыя архівы, і даеш ім новае прачытанне, новае жыццё. І мне вельмі падабаецца гэтая ідэя даць новае жыццё кіно, якое было па сутнасці актуальнае сто гадоў таму. Стужкі мы падбіралі так, каб яны прадстаўлялі розныя краіны. Вельмі важным было, канешне, уключыць беларускую стужку. Сюды ж дадалася і ўкраінскае, і польскае.
Насамрэч фестываль мы пачалі рыхтаваць тады, калі кампазітарка Вольга Падгайская і Віталь Эпаў ужо планавалі паказ «Фаўста», і мы проста вакол разбудавалі праграму і дадалі фільмы, якія прадстаўляюць розныя краіны. Такім чынам слоган на польскай мове для нас гучыць «Зазірні ў аб’ектыў суседзяў», то бок гэта Польшча і вось суседнія краіны. Такім чынам чатыры паказы фільмаў, якія па-свойму адметныя для сваіх кінематаграфій. Паміж сабой яны неабавязкова перагукаюцца, кожная мае нейкую адметнасць, пра якую я гатовая расказаць.
РР: Чаму менавіта пра гэтыя стужкі варта размаўляць і варта паказваць іх, звяртацца цяпер?
Ірэна Кацяловіч: У кожным выпадку па-рознаму. Напрыклад, беларуская стужка «Прастытутка» адметная тым, што яна і дагэтуль у сэнсе жаночай эмансіпацыі выглядае вельмі сучасным выказваннем. Яна здымалася ў часе, калі, са словаў Сталіна, жаночае пытанне яшчэ не было вырашана. Жаночае пытанне ў тым ліку азначала ў той час у Савецкім саюзе змаганне з прастытуцыяй, але не толькі з прастытуцыяй, таксама і гвалтам адносна жанчын, збіццём і хатнім гвалтам.
То бок стаяла задача стварыць вось гэты новы быт, і жаночая эмансіпацыя была адным з надзённых пытанняў. І «Прастытутка» — гэта першы фільм з серыі фільмаў, якія стварыла «Белдзяржкіно» ў той час. І калі я яно было знятае трошачку пазней, магчыма, яно б выглядала крыху інакш. Паколькі яно было знятае ў канкрэтны момант, то да сёння яно выглядае вельмі сучасна. Напрыклад, вось гэтая ідэя таго, што мы асуджаем усё-такі не саміх жанчын, якія з пэўных прычын вымушаныя былі займацца прастытуцыяй, мы асуджаем тых, хто іх да гэтага змушае. Пазней у Савецкім саюзе цяжар вось гэтай адказнасці і абвінавачванні клаліся на саміх жанчын. З сённяшняй перспектывы, мы ўсё ж такі вяртаемся да таго, што жанчына ў пэўных сітуацыях вымушаная. Мы ўсё ж такі кладзём адказнасць на тых, хто іх змушае, хто набывае гэтыя паслугі. І ў гэтым сэнсе «Прастытутка» вельмі сучаснае кіно.
Цалкам гутарка — у далучаным файле!
Беларускае Радыё Рацыя