У Вільні адкрылі фрэску з партрэтам Алеся Бяляцкага
2022-12-21 19:50
Насупраць амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве з’явілася вялікая фрэска з партрэтам Алеся Бяляцкага — палітзняволенага старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022.Фрэска стварылася дзякуючы
Міністэрству замежных справаў Літвы. А віцэ-міністр
Мантас Адаменас распавёў, якое значэнне
Алесь Бяляцкі мае для Літвы:
- Ён адлюстроўвае ўсе каштоўнасці, за якія мы, як дзяржава, як Міністэрства замежных спраў, змагаемся кожны дзень. Калі мы ўздымаем гэтае пытанне, калі мы ўводзім санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, калі мы імкнемся даць прытулак актывістам і журналістам, якія жывуць зараз у Вільні. Таму гэта бачная рэпрэзентацыя таго, за што мы ўвесь час змагаемся.
Праваабаронцы
“Вясны” Сяржук Сыс і
Алена Маслюкова падзяліліся сваімі ўраджаннямі ад фрэскі з партрэтам Бяляцкага:
- Позірк глыбока філасофскі, удумлівы. Ён турбуецца пра Беларусь, пра лёс людзей. І гэта відавочна. А вось гэтыя крыху прыадкрытыя вусны гавораць пра тое, што ён вось проста зараз выгукне: “Жыве Беларусь!” і “Беларусь будзе свабоднай!”
- Пра канцэпцыю я ведаў. А вось пра тое, што будзе адлюстравана на сцяне насупраць амбасады, гэта для мяне было таямніцай.
Цяпер партрэт Алеся Бяляцкага знаходзіцца ў Вільні, праз дарогу ад амбасады рэспублікі Беларусь у Літве. І месца абранае невыпадкова.
А ў стварэнні фрэскі ўдзельнічалі: літоўская дызайнерка Ліна Шліпавічутэ, а таксама каманды “Kiaurai sieńs” і “Gyva Grafika”.
Беларускае Радыё Рацыя