У Вільні пачала працу Create Culture Space — новая крэатыўная пляцоўка
2022-11-11 20:01
Крэатыўная прастора адкрылася ў самым цэнтры старой Вільні – на вуліцы Кармеліту, 5.Як кажа
Надзея Ількевіч, сузаснавальніца і выканаўчая дырэктарка
Create Culture Group, гэта будзе месца, дзе кожны зможа рэалізаваць уласныя ідэі і правесці сваё мерапрыемства:
– Мы вырашылі пачаць наш шлях з таго, што мы зробім пляцоўку, дзе б усе нашыя творчыя, актыўныя людзі маглі б праводзіць мерапрыемствы, ствараць супольнасці. Гэта эксперыментальная пляцоўка, мы два месяцы будзем працаваць у тэставым рэжыме. У нас будзе два напрамкі – гэта каворкінг, а ўвечары ў нас плануецца мерапрыемства, безкаштоўна, тым, хто толькі пачынае свой шлях у культурных праектах.
Таццяна Штэйнбук, сузаснавальніца і дырэктарка Create Culture Group, лічыць, што новая пляцоўка паспрыяе ўсталяванню сувязяў паміж людзьмі, супольнасцямі, віленчукамі і тымі, хто нядаўна да іх далучыўся:
– Прастора – гэта не толькі пляцоўка для прафесійнага развіцця, але і для нетворкінгу. Мы хочам перазнаёміць людзей, мы хочам, каб людзі сюды прыходзілі, знаходзілі партнёраў, аднадумцаў, магчыма разам прыдумлялі нейкія ідэі, сумесныя праекты і сумесна іх рэалізоўвалі. Ёсць магчымасці і калі мы аб’яднаемся, то напэўна будзе больш чагосьці файнага. Таму гэта не толькі пра развіццё прафесійных супольнасцяў, але і па інтарэсах.
Паводле Надзеі Ількевіч, месцы для мерапрыемстваў у новай прасторы ўжо зарэзерваваныя да канца лістападу.
Беларускае Радыё Рацыя