У Віцебску зноў штрафуюць удзельнікаў „несанкцыянаваных пікетаў”
2020-06-23 14:14
Віцебскія міліцыянты склалі шэраг пратаколаў на тых, хто прыходзіў на пікеты па зборы подпісаў за незалежных кандыдатаў у прэзідэнты.
Гэтыя імпрэзы міліцыя кваліфікуе як несанкцыянаваныя мерапрыемствы пад выглядам перадвыбарчых пікетаў. За тое, што 7-га чэрвеня жыхар Віцебска Павел Пруднікаў прыйшоў выканаць свой грамадзянскі абавязак, у судзе Чыгуначнага раёна яго аштрафавалі на 20 базавых велічынь (540 рублёў).
Хлопец не згодны з пастановай Алены Цыганковай:
– Суд увогуле працуе па незразумелай сістэме – па нейкіх рэпрэсіўных законах. Я не лічу, што вынес справядлівае рашэнне: падставаў, каб мяне неяк пакараць, увогуле не было. Янічога там не рабіў – проста знаходзіўся, выяўляю сваю грамадзянскую пазіцыю. Я маю права прыйсці і паставіць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў.
Суддзя Алла Бардзюкова ў тым самым судзе Чыгуначнага раёна на 35 базавых велічыняў (945 рублёў) аштрафавала Аляксандра Мацеюка. Гэта пакаранне за ўдзел у “ланцугу салідарнасці”, які прайшоў у Віцебску 19-га чэрвеня – у апошні дзень легальных пікетаў па зборы подпісаў. Але Аляксандра Мацеюка чакае яшчэ адзін суд: яго вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыянтам падчас затрымання. Другі пратакол з’явіўся пасля таго, як лекары засведчылі цялесныя пашкоджанні: супрацоўнікі міліцыі збілі яго, гвалтам забіраючы на допыт. Цяпер Аляксандр Мацеюк на волі – яго адпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання, і ён мае намер прайсці медычнае асведчанне.
Выйшла з ІЧУ і блогерка Алена Янушкоўская. Яна знаходзілася пад вартай амаль трое сутак . Жанчына хварэе на астму і за гэты час ёй двойчы выклікалі хуткую дапамогу. Суддзя суду Віцебскага раёна Міхаіл Зубеня заявіў, што з улікам стану здароўя прысуджае ёй не арышт, а штраф – памерам 45 базавых велічынь, або 1215 рублёў.
Алена Янушкоўская толькі іранізуе з такое “спагады”:
– Можа, яны мне працу яшчэ знойдуць, каб я сплаціла гэтыя штрафы? У мяне ж ні пенсіі, нічога няма, а тут яшчэ штраф. Нічога я плаціць не буду, няхай нават не думаюць. Няма мне з чаго плаціць, а выходзіць я буду зноў, і біцца буду за нас! І вы, людзі, не бойцеся: пасадзілі мяне, пасадзілі іншых – а выйшла 10 замест кожнага!
Падчас разбору справы Алены Янушкоўскай суддзя прачытаў спіс, у якім згадваюцца яшчэ каля 15-ці чалавек – удзельнікаў “ланцуга салідарнасці” 19-га чэрвеня. Іх таксама неўзабаве чакаюць суды.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск