У Воршы тром актывістам прысудзілі “суткі”. І адпусцілі
2020-06-29 19:04
У аршанскім судзе адначасова судзілі трох удзельнікаў “ланцуга салідарнасці”, які прайшоў у Воршы 19-га чэрвеня, – у апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.
Усіх трох затрымалі ў мінулую пятніцу, і выходныя яны правялі за кратамі. Адзін з затрыманых, адміністратар тэлеграм-канала “Орша для жизни” Аляксандр Андрэеў, у дзень затрымання прысутнічаў на сустрэчы мясцовых уладаў з актывістамі рэгіёна. 29-га чэрвеня яго асудзілі да 15-ці сутак арышту.
Такое ж пакаранне далі Генадзю Ларыёнаву. Павел Парфяненка пакараны арыштам на 10 сутак. Але ўсіх траіх адпусцілі адразу пасля судоў, падкрэслівае прадстаўнік ПЦ “Вясна” Ігар Казмярчак:
– Без тлумачэнняў аніякіх, проста выпусцілі. Каб актывістаў трымаць на такім ланцужку – маўляў, калі недзе яшчэ нешта, то мы цябе пасадзім. Ды яшчэ гэтыя “суткі” узгадаем. Або проста каб мець магчымасць без падставаў, без усялякіх парушэнняў “закрыць” яшчэ на дзесяць, пятнаццаць сутак.
На думку Ігара Казмерчака, актывістаў маглі затрымаць і таму, што ў мінулыя выходныя ў Воршы праходзіла свята горада. І міліцыя, магчыма, баялася нейкіх масавых акцый з боку дэмакратычнай грамадскасці.
За ўдзел у “ланцугу салідарнасці” 19-га чэрвеня ў Воршы быў затрыманы і Раман Баброў. Яму прысудзілі 5 сутак арышту, але адпусцілі адразу ж пасля суду 22-га чэрвеня.
Таксама быў затрыманы Міхаіл Чамурака, яго асудзілі да 13-ці сутак арышту, і ён дагэтуль знаходзіцца пад вартай у аршанскім ІЧУ.
Беларускае Радыё Рацыя, Ворша