- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Персанальныя выставы твораў Аляксандра Салаўёва для віцебскіх аматараў мастацтва, мастакоў і мастацтвазнаўцаў заўжды вялікая падзея. Бо асоба гэтага творцы для культуры і мастацтва Віцебска знакавая. Без наяўнасці такога аўтарытэтнага, глыбокага і адданага высокім прынцыпам мастацтва мэтра, магчыма і віцебская мастацкая школа ў апошняй чвэрці ХХ стагоддзя развівалася б інакш.. Нягледзячы на тое што Аляксандр Салаўёў нарадзіўся роўна на 60 гадоў пазней за сусветнавядомага родапачынальніка абстрактнага мастацтва Васіля Кандзінскага, іх абодвух яднае проста фанатычная вера ў магутную эмацыянальную ролю колеру. Але калі В. Кандзінскі свядома ішоў у сваіх эксперыментах да чыстай абстракцыі, то, рамантык па натуры, А. Салаўёў свае абстрактныя і паўабстрактныя творы рабіў, абапіраючыся на канкрэтную рэальнасць. У творчасці Салаўёва своеасабліва пераплеценыя рысы лірычнай абстракцыі і выразнага вобразнага кантэксту. Пазбаўленыя фігуратыўнасці творы Салаўёва адлюстроўваюць не столькі нейкія глыбіні падсвядомасці, што было уласціва для «псіхічнай імправізацыі» (тэрмін Пауля Клее) мастакоў-абстракцыяністаў пасляваеннай Амерыкі і Еўропы, колькі асабіста перажытое. “Мастак павінен быць шчыры у першую чаргу перад сабой, – заўважае Аляксандар Салаўёў. – У мастацтве хлусіць нельга …”.