Віцебскі Vargentorn запрашае прайсці “Шляхамі гісторыі”
2020-06-30 16:28
30 чэрвеня клуб гістарычнай рэканструкцыі Vargentorn запрашае на анлайн-сустрэчу, дзе будзе прэзентаваны новы праект „Шляхамі гісторыі”.
Ён рэалізуецца ў межах кампаніі «Зробім лепш-2020» пры падтрымцы «Асамблеі НДА» . І яго вынікі – паштоўкі з выявамі гістарычных касцюмаў і апісанне гэтых касцюмаў ды бытавых сцэн – зацікавяць не толькі аматараў гісторыі, лічыць каардынатарка праекта Станіслава Цярэнцьева:
– Зараз мы падумалі, што можна не толькі зрабіць гэтыя паштоўкі, якія прэзентуюць наш клуб, наш горад. Мы робім асобна ўсе матэрыялы з апісаннем, што гэта за строй, якія там асаблівасці. І можна будзе гэтыя матэрыялы выкарыстоўваць на занятках у школах, во ўніверсітэце, у розных цэнтрах культуры і гэтак далей.
Удзельнікі клуба гістарычнай рэканструкцыі , якім шмат гадоў кіруе Макар Бабенка, сталі мадэлямі для паштовак. Сфатаграфаваў “гістарычных персанажаў” Дзмітрый Лось, дызайнеркай выступіла Анжаліка Гайцюкевіч.
Зрэшты, рознага кшталту візуальную прадукцыю з гістарычнымі строямі клуб Vargentorn прэзентуе ўжо не ўпершыню, і ўсе ахвотныя могуць распытаць аматараў гістарычнай рэканструкцыі пра ранейшыя праекты і іх асаблівасці. А таксама пра далейшыя перспектывы дзейнасці клуба.
Прэзентацыя праекта „Шляхамі гісторыі” пройдзе на пляцоўцы Zoom — праз небяспечную эпідэміялагічную абстаноўку, калі непажадана збіраць аматараў гісторыі на сустрэчы ў рэале.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск