Вольга Кавалькова: Варта падтрымліваць адзін аднаго
2023-01-26 12:56
У Варшаве адкрылася выстава, прысвечаная Анджэю Пачобуту – беларуска-польскаму журналісту, якому цяпер пагражае да 12 год турмы.
У той жа час у Беларусі пачалі разгляд крымінальных спраў супраць апазіцыйных дзеячаў. Сярод іх – Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Марыя Мароз, Сяргей Дылеўскі і Вольга Кавалькова.
Пра беларускія суды, польскую абарону і не толькі наш карэспандэнт паразмаўляла з сённяшняй „Госцяй Рацыі”, прадстаўніцай Каардынацыйнай рады Беларусі Вольгай Кавальковай.
РР: Для вас Анджэй Пачобут – гэта хто?
– Гэта паляк, гэта журналіст, гэта чалавек, які мае моцную волю, які мае сумленне. Ён нават у такіх цяжкіх варунках паказвае нам усю свабоду чалавека. Ён знаходзіцца за кратамі, але адчування, што чалавек нявольны няма. Гэта такі прыклад нязломнасці. Рэжым хоча неяк ціснуць, пазбавіць чалавека волі, каб чалавек не вытрымаў. Анджэй адзін з людзей, якія публічна паказваюць сваю пазіцыю. Таму для нас гэта прыклад стойкасці, для мяне асабіста.
РР: Што думаеце пра выставу?
– Гэта цікавы момант, гэта такі прыклад, што трэба рабіць, каб вызваляць сваіх людзей, каб ціснуць на рэжым не знаходзячыся ў краіне. Зараз ідзе суд на Анджэем, і гэта выстава, якая арганізавана ў Сейме, яшчэ раз паказвае, што палякі будуць змагацца за сваіх людзей. На выставе паказаны яго жыццёвы шлях, біяграфія, тое што ён зрабіў, яго дасягненні. Трэба расказваць, што такія людзі ёсць, што яны пакутуюць. Варта праз прыклад Анджэя распавядаць пра іншых зняволеных, якія знаходзяцца ў Беларусі. Я думаю, што іх некалькі тысяч. Параўнаць гэтыя часы з нейкімі часамі нават у польскай гісторыі, складана. Калі ў іх было ваеннае становішча ў 80-х гадах, прысуды, якія давалі на той час – гэта 3-4 гады. Тое, што мы зараз бачым у Беларусі – гэта 10-15-20 гадоў. З кожным годам прысуды становяцца ўсё больш жорсткія. Яны выносяцца, бо яны не адчуваюць адказнасці. Магчымасць казаць праз журналістаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта вельмі важна.
РР: Што думаеце наконт судоў, якія цяпер ладзяцца ў Беларусі?
– Нада мной таксама ідзе суд. Мне падаецца, што пытанні прапрацаваны крыху раней. Я спакойна сачу за гэтым усім. Не магу сказаць, што гэта можа выклікаць пазітыўны настрой, але гэта матывуе мяне, каб далей змагацца за сваю краіну, дзе я нарадзілася. У мяне заўтра дзень народзінаў і адзінае, што я кожны год сабе загадваю – гэта вярнуцца дадому і жыць у тым месцы, дзе я нарадзілася, якое мне блізкае і дарагое. Сённяшнія прысуды, гэта яшчэ адно сведчанне таго, што яны не могуць змірыцца з пазіцыяй людзей, не могуць змірыцца з тым, што існуюць апаненты. Яны працягваюць з імі змагацца, казаць праўду, распавядаць пра іншую рэальнасць, адрозную ад той, якой жыве большасць беларусаў, якая існуе ў галовах тых людзей, якія знаходзяцца пры ўладзе. Мая сям’я ў Беларусі, мае сябры ў Беларусі, любы чалавек за перажывае за блізкіх. Тое, што магу зрабіць, я раблю, а таксама спрабую натхняць іншых людзей. Варта падтрымліваць адзін аднаго, нават у дробных справах, гэта дарагога каштуе.
„Таму нашая задача цяпер – працягваць змагацца”, – перакананая дзяячка.
З Вольгай Кавальковай размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя