en

Вольны Беларускі Універсітэт: Адукацыя, асабліва на беларускай мове, мае асноватворнае значэнне для Беларусі

2023-09-13 19:33
Вольны Беларускі Універсітэт: Адукацыя, асабліва на беларускай мове, мае асноватворнае значэнне для Беларусі
:/:

Вольны Беларускі Універсітэт пачаў набор на шэраг курсаў для беларусаў і анансуе наступныя.

Адукацыя, асабліва на беларускай мове, мае асноватворнае значэнне для Беларусі, перакананыя ва ўніверсітэце.

Літаральна на днях аб’яўлены набор на два курсы.

Курс «Школа маладых лідараў» адрасаваны беларускім лідарам – няўрадавых арганізацыяў, грамадскіх, акадэмічных, медыйных, культурніцкіх ініцыятываў – людзям, якія актыўна дзейнічаюць як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі, якія займаюць актыўную грамадскую пазіцыю ды падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці.

Калі: 4 сесіі па выходных з 9.00 да 14.30 (па Варшаве).

Што дае курс?

- сустрэчы з экспертамі па пытаннях дзейнасці грамадзянскай супольнасці
- удзел у дыскусіях з грамадскімі дзеячамі
- знаёмства з мадэллю лідарства
- вывучэнне метадаў пабудовы, кіравання і развіцця каманды

Другі курс «Сацыялогія недэмакратычных рэжымаў: этнаграфічны падыход». Выкладчык – вядомы даследчык Беларусі прафесар Ранан Эрвуэ (Універсітэт Бардо, Францыя). Курс прызначаны для ўсіх, хто цікавіцца сацыяльнымі навукамі і жадае адкрыць для сябе адмысловы погляд на недэмакратычныя рэжымы, заснаваныя на этнаграфічным метадзе доўгатэрміновага палявога вывучэння аб'екта даследавання.

Супольна з Цэнтрам еўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту ідзе набор на чатыры курсы ад выкладчыкаў універсітэту: Гісторыя Беларусі ў еўрапейскім кантэксце (выкладчык – прафесар Аляксандр Краўцэвіч); Беларускі нацыянальны рух у XIX – XX стст. (выкладчык: прафесар Сяргей Токць); Стратэгічнае праграмаванне тэрытарыяльнага развіцця (выкладчыкі: праф. Марта Ляцкоўска, д-р Пётр Жубэр i д-р Анна Дамброўска); Асновы дэмакратычнага дзяржаўнага ладу (выкладчыца: д-р Юстына Олендзка).

Курсы праходзяць анлайн, а таму да іх можна далучацца з усіх краін свету. Вольны Беларускі Універсітэт імкнецца стварыць вольную прастору для атрымання сучасных ведаў пра грамадства, палітыку, права, гісторыю. Удзельнічаць у курсах могуць і людзі, якія жывуць у Беларусі, хоць цяпер большасць грамадскай актыўнасці можа быць небяспечнай. Вольны Беларускі Універсітэт дзейнічае на апярэджанне. Адукацыя мае асноватворнае значэнне для Беларусі, перакананы Алесь Лагвінец:

-Ёсць відавочныя рызыкі, якія мы ўсведамляем, якія ёсць у выпадку грамадскай актыўнасці ў Беларусі. Але мы відавочна працуем на будучыню. Мы ведаем, што ёсць рэчы, якія можна рабіць, можна яднаць людзей, нават у цяперашніх умовах у Беларусі. Мы хочам даць беларусам гэты глыток паветра. Адукацыя мае асноватворнае значэнне для Беларусі, асабліва адукацыя на беларускай мове. Гэта таксама магчымасць, жаданне і здольнасць яднацца дзеля таго, каб зрабіць нашую краіну нармальнай, якая глядзіць у будучыню, а не апіраецца на дэманах мінуўшчыны і палюю на ўласных грамадзян.

Поўная размова з Алесем Лагвінцом – у далучаным гукавым файле.

ав


Kamunikat.org – Belarusian Internet Library
Permission for reprints of the resources is granted only with the credit to the source.
Permission for reprints on the Internet is granted only with the hyperlink to the Kamunikat.org site.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Copyright © 2000-2023 by Kamunikat.org