Воля Чайкоўская: Беларускіх фільммейкараў трэба на руках насіць за тое, што яны працягваюць нешта рабіць
2024-11-10 17:07
Ад паказаў ў Беларусі да кінафестываляў у Еўропе, ці ёсць шанец у беларускага незалежнага кіно і чаму з гэтай сферы сыходзяць людзі? Пагутарылі з Воляй Чайкоўскай, прадзюсаркай, рэжысёркай, заснавальніцай кінафестывалю «Паўночнае ззянне».
— Гэта юбілейны, дзясяты фестываль. Распавядзіце пра станаўленне фестывалю, бо пачынаўся ён з невялікіх паказаў у Беларусі?
— Пачыналі мы сапраўды з невялікага агляду нардычных фільмаў, у нас тады былі паказы ў Мінску, Гомелі і Віцебску, усяго восем фільмаў. Цяпер у праграме каля пяцідзесяці фільмаў, гэта стужкі з нардычных, балтыйскіх краін, з іншых еўрапейскіх краін, а таксама з Украіны і Беларусі.
Дынаміка фестывалю выбудоўваецца вакол абставінаў, якія не падкантрольныя нам. Напрыклад, такімі выклікамі былі выбары ў Беларусі і пратэсты пасля ў 2020-ым годзе, што вымусіла нас пераносіць даты, мы прыйшлі да гібрыднага фармату. На жаль, у Беларусі мы цяпер не можам паказваць фільмы, але можам паказваць іх анлайн ды ў іншых гарадах Еўропы, дзе цяпер жыве шмат беларусаў, вялікая беларуская дыяспара.
Цяпер у праграме фестывалю ёсць і конкурсныя праграмы: гэта беларускі конкурс, міжнародны конкурс дэбютных фільмаў, міжнародны конкурс кароткаметражных фільмаў. Таксама ёсць спецпраграмы: праграма сучасных украінскіх фільмаў, якую мы называем Ukraine Mon Amour, і праграма «Нязломнасць» — фільмы, якія распавядаюць пра ўпартасць, нязломнасць чалавечага духу.
— Паказы афлайн будуць у Варшаве ў рамках фестывалю ўпершыню. Раскажыце пра варшаўскае жыццё фестывалю?
— Пра Варшаву мы думалі ўжо некалькі гадоў, але не атрымлівалася з-за арганізацыйных момантаў. Тут шмат беларусаў, шмат нашай аўдыторыі, людзей, якія глядзелі нас у Беларусі. Афлайн-фармат для нас важны, бо хочацца мець непасрэдную камунікацыю з гледачамі, анлайн — гэта клёва і каштоўна, але кінафестывалі — гэта пра стасункі і кантакты. Пляцоўку абіралі доўга, і так склалася, што гэта «Кінатэка» — круты будынак у цэнтры горада, дзе таксама праходзяць паказы Варшаўскага кінафестывалю.
— Праграма вялікая, ёсць тэмы, датычныя Беларусі, пераасэнсавання 2020-га года. Але ўсё паглядзець, відаць, немагчыма, на што б раілі звярнуць увагу?
— Мы стараліся будаваць сваю праграму такім чынам, каб гледачы, калі вельмі замарочацца, маглі паглядзець усё. Я ведаю людзей, якія глядзяць усю праграму, такое таксама магчыма. Ёсць спецыфіка і некаторыя фільмы анлайн мы не паказваем: ці з пытанняў бяспекі, ці паводле правілаў праваўладальнікаў. У кожным горадзе, дарэчы, унікальная праграма афлан-паказаў. У Варшаве будзе паказ стужкі «Прамень» рэжысёра Аляксандра Лінда.
«Дакументальны фільм «Прамень» распавядае пра малавядомы за межамі Даніі, але гучны арт-скандал вакол інсталяцыі «Скульптура міру». Створаная ў 1995 годзе Элле-Мі Эйдруп Хансэн у гонар 50-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецкай акупацыі, яна ўяўляла сабой лазерны прамень даўжынёй 532 кіламетры, які злучаў 6000 існуючых ваенных бункераў, пабудаваных дацкімі рабочымі для нацыстаў. Праект падкрэсліў дваістасць у калектыўнай памяці датчан, бо гэтыя збудаванні, па сутнасці, з'яўляюцца забытымі прыкметамі супрацоўніцтва з акупантамі».
Фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч заснаваны на рэальных падзеях і глядзець яго можа быць няпроста, бо гэта траўматычная гісторыя. Фільм варта паглядзець, гэта найноўшая гісторыя поспеху беларускага кіно — беларускай рэжысёркі, беларускай тэмы.
10 лістапада будзе прэм'ера фільма пра Беларусь нямецкага рэжысёра Юльяны Тутэйн «Хто, калі не мы? Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі», аператар стужкі — беларус Сяргей Кавалёў. Ён і гераіня стужкі будуць на адкрытай сустрэчы пасля паказу. Думаю, гэтая рэфлексія падзей будзе працягвацца ў бліжэйшыя гады.
Калі казаць пра анлайн, то я раю паглядзець стужку
«Браты Андэрсан» рэжысёркі Юханы Бернхардсан. Яна пляменніца вядомага рэжысёра Роя Андэрсана. Стужка пра праблемы ў сям'і з-за залежнасці ад алкаголю. Яна спрабуе аб'яднаць сям'ю, пераасэнсаваць гэтую траўму. Вельмі глыбокі, з гумарам фільм, напэўна, мой любімы ў гэтым паказе.
У кароткай праграме раю стужку
«Лазневы дзень», рэжысёры Ганна Хінтс, Тушар Пракаш.
— Ці ёсць дадзеныя па анлан-праглядах: колькі заходаў з Беларусі?
— Ёсць статыстыка, але некарэктна было б даваць гэтую інфармацыю пасярэдзіне фестывалю. Я магу сказаць, што большасць нашых гледачоў — з Беларусі, глядзяць анлайн.
— Дылетанцкае пытанне: для чаго ўвогуле патрэбныя кінафестывалі, з якой мэтай іх праводзяць?
— Фестывалі — гэта і пра кіно, кіно як мастацтва, а таксама пра ўсё тое, што адбываецца вакол кіно. Часам дыскусіі бываюць такія гарачыя, што дзеля іх, хіба што, усё і робіцца. Але, канешне, я не магу не адзначыць каштоўнасць таго, што кіно — гэта візуальнае мастацтва, мастацтва сторытэйлінгу.
Для мяне як для глядача важна глядзець фільмы, якія адабраныя куратарскім чынам. Гэта ручны, крафтавы падыход. Мне здаецца, што гэта вельмі каштоўна ў час, калі мы жывём у свеце алгарытмаў, ёсць такое паняцце як «кантэнт».
Штосьці чалавечнае застаецца ў такіх фільмах, бо звычайна гэта не мейнстрынмавыя стужкі, яны не знятыя, як гэта робіць «Нетфлікс», паводле алгарытмаў паводзінаў аўдыторыі. Тут аўтарскае кіно, якое не падпарадкаванае алгарытмам, гэта аўтарскае, шчырае выказванне.
— Дзесяць гадоў — вялікі тэрмін, можна пабачыць тэндэнцыі, зрабіць высновы, у які бок усё рухаецца. За гэты час якое ў вас склалася ўражанне пра беларускі кінематограф?
— Мой досвед базуецца не толькі на досведзе арганізатаркі кінафестываляў, але таксама і на досведзе прадусаркі, рэжысёркі, то бок чалавека, які мае непасрэднае дачыненне да беларускай кінаіндустрыі. Магу сказаць што заканамернасці складана прасачыць, бо мы развіваемся ў нераўнамерных умовах. У 2018–2019 гадах быў пэўны росквіт беларускага кіно і незалежных аўтараў. Гэта былі найлепшыя часы для фестывалю «Паўночнае ззянне» — паказы былі ў Мінску, поспех, папулярнасць. Былі нейкія магчымасці для дакументальна кіно, фінансавая падтрымка з боку «Белсата» і іншых буйных медыя. Гэта ўсё ішло ўгару. У 2020-ым сітуацыя змянілася. Спачатку таму што людзі сталі з'язджаць з краіны, потым у 2022-ім скарацілася фінансаванне, а беларускае дакументальнае кіно пераважна існуе з замежнай падтрымкай.
Калі гаварыць пра заканамернасць апошніх пяці гадоў, то ўмовы становяцца ўсё больш і больш складанымі. Многія людзі, на жаль, губляюць матывацыю. Бо ты працуеш з вельмі складанымі тэмамі, яны высмоктваюць з цябе энергію, і плюс фінансава гэта ўсё няпроста. Я думаю, беларускіх фільммейкараў трэба проста на руках насіць за тое, што яны працягваюць нешта рабіць. Бо ўмовы гэтай працы надзвычай складаныя.
Усё развіваецца па спіралі, свет поўны Up and Down, таму я думаю, што, калі быў складаны перыяд, спад, то хутка мусіць быць узлёт, сітуацыя неяк збалансуецца, выраўняецца. Я імкнуся быць аптымісткай па жыцці, таму мне гэта бачыцца так.
Слухайце размову ў далучаным файле!
вх