- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пачаўся год 1495-ты. Стаяў калядны мароз. Пара ад дыхання людзей і коней уміг замярзала і асядала іскрыстым інеем на каўнярах, на шапках, башлыках, на грывах і збруі. Стралялі дрэвы ў лесе, лёд на рэках. Ад блакітнага неба, якое, здавалася, вісела на вершалінах стромкіх сосен, ад ценяў звешаных да зямлі яловых галін снег у лесе быў ненатуральна сіні. Усё навокал было казачнае. Прырода і людзі. Вузкая лясная дарога з Масквы на захад — да літоўскай мяжы, якая ў той час не абазначалася ні на картах, ні памежнымі слупамі, нярэдка бачыла незлічоную колькасць вершнікаў, пешых воінаў з лукамі і мушкетамі, у латах і ў світках. Войны вяліся часта. Праязджаў тут і сам вялікі князь маскоўскі з васальнымі князямі, баярамі, са сваім войскам. Але такога незвычайнага поезда лес гэты не бачыў. У баявы паход так не едуць. Адных павозак паўсотні. Не баявых — урачыста-выязных, пазалочаных, з княжацкімі вензелямі. Адзін вазок не блішчэў пазалотай, але меў незвычайны выгляд — абабіты звонку мядзведжым футрам. Памеры карэты, вялікі княжы герб і тройка найлепшых вараных, пасярэбраных інеем, сведчылі, што галоўны пасажыр у гэтым экіпажы. (фрагмент)