- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Першая квадра дваццатага стагоддзя для Беларусі была шматспадзеўнай i стратнай адначасова. Надзеі на ўваскрошанне паняволенай Бацькаўшчыны цеплілiся ў сэрцах беларускiх адраджэнцаў вякамi, а ў час, калi задрыжалi падвалiны i хiснулiся сцены расійскай iмперскай вязнiцы, абудзiлiся з новай сiлай. Але ваенна-рэвалюцыйная калатнеча не магла паспрыяць развою паўнакроўнага актыўнага жыцця, якое звычайна назiраецца пасля абуджэння. Парушаны жыццёвы побыт, голад i эпiдэмii накладалi свой жахлiвы адбiтак на iснаванне спаняверанага, знядужалага людства. Човен Харона без пярэдыху снаваў па беларускiх рэках, вышукваючы чарговых ахвяраў. Колькi iх было, беларусаў, падкошаных тыфам i сухотамi, забiтых немцамi, палякамi, бальшавiкамi? Час ад часу зтагосветны човен прыпыняўся i забiраў у незваротную вандроўку людзей з Божай iскраю ў сэрцы — каб хоць неяк усцешыць насельнiкаў краiны вечнага смутку. I радзеў шэраг ратавальнікаў беларушчыны, i большаў почат святых пакутнiкаў за мройную для многiх, а для iх амаль увачавiдненую Беларускую Дзяржаву. Цётка, Iван Луцкевiч, Максiм Багдановiч, Iгнат Канчэўскi, Ядвiгiн Ш., Алесь Гарун, Андрэй Зязюля…