Выдавецкія навінкі ад Камуніката на Кніжным кірмашы ў Беластоку
2026-04-15 08:02
На стэндзе 79 на Chorten Arena ў Беластоку (ul. Słoneczna 1) знойдзеце шэраг новых кніг ад розных беларускіх незалежных выдавецтваў.
Камунікат таксама падрыхтаваў выдавецкія навінкі. Гэта кнігі выдадзеныя Фондам Kamunikat.org а таксама нашымі партнэрамі: Цэнтрам Беларускай Культуры і выдавецтвам SURMA.
Фонд Kamunikat.org
«Нясвіжская крыза» гэта зборнік прозы
Уладзіслава Ахроменкі вельмі розных жанраў і накірункаў. Чытач знойдзе тут яго славутую
«Тэорыю змовы»
— вострасюжэтны кінараман-фарс, у якім Аўтар ставіць у парадаксальнай і
жорсткай форме тыя беларускія пытанні, якія многія баяцца задаць сабе
нават у думках. Ёсць таксама
«Музы і свінні» — кніга
гарадскіх міфаў, легендаў і апокрыфаў пра герояў, якія нас змянілі.
Сярод герояў Дзед Талаш, Дзмітрый Шастаковіч, Кім Ір Сэн, Уладзімір
Мулявін, Жак-Іў Кусто, але ёсць таксама ананімныя акцёры, рэжысёры,
музыкі, мастакі, мянты, цэнзары і камітэтчыкі.
У зборнік прозы мы вырашылі дадаць нідзе дагэтуль не публікаваныя тэксты двух незавершаных раманаў:
«Нясвіжская крыза» i
«Выкрадальнік гукаў».
«Ведаючы творчыя модулі Уладзіслава, — піша яго сябра і суаўтар некалькіх кніг
Максім Клімковіч, —
магу сцвярджаць, што першы тэкст — гэта недзе 70% ад меркаванага канчатковага аб’ёму, а другі — ўсяго каля 10%».
Радкі і рыфмы розных гадоў, але аднаго жыцьця, зь якога выдалена ўсё, апроч слоў. Кніга пра любоў.
Іпастасям
Уладзімера Арлова, які блукае па розных старонках гэтай кнігі як канчатак «-оў»
у пошуках рыфмы;
Насты Кудасавай, якая прыслала адзін свой верш для першай публікацыі тут, а другі вярнула сюды з таго сьвету;
Уладзімера Някляева, які перафарбаваў мой чорна-белы раманс у каляровы;
Ў, ад якога нават ШІ хаваецца ў б-бу
— мая незавершасная ўдзячнасьць.
Гэта ўжо
шостае, дапрацаванае выданьне культавай кнігі вядомага пісьменьніка і дасьледніка нашай даўніны
Ўладзіміра Арлова.
У кнігу ўвайшлі 410 гістарычных партрэтаў тых, хто з часоў Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касьцюшкі
змагаліся за свабоду і незалежнасьць беларускай зямлі. Гэта –
своеасаблівая аўтарская энцыкляпэдыя любові да радзімы, свабоды і
незалежнасьці. У тым ліку дзясяткі аповедаў пра дзеячаў БНР, пачынаючы з
тых, хто быў ля яе вытокаў. Гэта браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Варонка, Язэп Лёсік, Пётра Крэчэўскі, Васіль Захарка, Мікола Абрамчык ды іншыя.
SURMA
«Хвароба перадаецца праз мову адмаўлення: яна пераходзіць у наступнае пакаленне праз сакрэты, абвінавачванні і хлусню», – такую думку пачула б Міра Ждановіч на сустрэчы ДДА – Дарослых дзяцей алкаголікаў. Міра, аднак, не паспела да іх дайсці: пэўным сонечным днём яна сустрэла незнаёмку, якая прапанавала ёй альтэрнатыўны спосаб самавызвалення. Сямейная сага,
сацыяльна-псіхалагічная драма, замалёўкі-ўспаміны, эмігранцкі плач па
страчаным доме, дзе разбіваліся сэрцы, дзе ніколі не жыло шчасце… ці ўсё
ж такі жыло?
Яна Гульцяева
— перакладчыца, скончыла аддзяленне паланістыкі філалагічага факультэта
БДУ ў 2017 годзе. Адна з пераможцаў конкурсу апавяданняў “10+10: Мінск”
(2018), выпускніца Школы маладога пісьменніка (2020). З 2021 года жыве ў
Францыі, перакладае беларускую і французскую паэзію, кароткую прозу і
драматургію.
Цэнтр Беларускай Культуры
Марцін Рэмбач, перакладчык: «Кожнае з ападвяданняў
прадстаўляе сваю арыгінальную гісторыю і адначасова ўваходзіць у дыялог з
вялікімі літаратурнымі традыцыямі. Яны пераасэнсоўваюць даўнія ідэі і
каментуюць сучаснасць. Гэта вельмі розныя апавяданні паводле тэматыкі,
літаратурнай формы, а перадусім, маштабу апавядальнага размаху. Тут
можна знайсці шматпакаленчую містычна-экзістэнцыяльную гісторыю, поўную
пытанняў пра жыццё і смерць («На ўсякім свеце»), разгорнуты трагічна-іранічны вобраз пасляваеннай вёскі на беларуска-літоўскім памежжы («Мірон ды Мірон»), вобраз сучаснай беларускай палітыкі, накрэслены тоўстай, гратэскавай рысай («Кот Клаўдзіі Львоўны»),
а таксама вечна актуальнае ў постсавецкай рэчаіснасці і такое
ўнікальнае ў літаратуры нігілістычнае апісанне наступстваў пасляваеннай
траўмы («Хайбах»). Такая падборка апавяданняў не
стварае ні тэматычна, ні фармальна адзінага збору. Метафізіка суседнічае
з гратэскавым пачаткам, а казка, што нясе веру ў перамогу дабра, — з
вобразам наскрозь прайгранага свету. Аднак, такая падборка мае вялікую
перавагу: яна паказвае ўсебаковасць таленту Някляева, а польскаму чытачу
— таксама тое, наколькі беларуская літаратура можа быць падобнай да
польскай і адначасова, наколькі моцна яна здольная ад яе адрознівацца».