Выгнанне як стыль і лёс. “Адкуль бяруцца кнігі” з Юляй Цімафеевай
2024-11-11 21:22
Беларускасць не выдумляюць, а жывуць. Кожны/ая па-свойму. Кожны/ая сваю. Наша эміграцыя — адначасова страта і набытак. Іншы досвед асабістых разлікаў з радзімай — і нязбыўных рахункаў, па якіх канчаткова расплаціцца немагчыма.
Літаратура ў выгнанні — экзістэнцыяльны выклік і іспыт на трываласць. Лепшае тут працуе як мікс адчаю і ўпартасці. Таму і пісьменства адпаведнае — бескампраміснае і шчырае. Як наша сённяшняя суразмоўца.
Юля Цімафеева — паэтка, урошчаная каранямі ў свой род і зямлю. Менавіта вясковае дзяцінства дало Юлі сапраўды экзістэнцыйныя назіранні — нараджэння і памірання ўсяго жывога або прыгажосці зорак. І як бы далёка аўтарка ні была ад дому, вёска бясконца праяўляецца ў яе вершах вытанчанымі і змрочнымі вобразамі.
Паэзія Юлі — шмат у чым дакументальная, заснаваная на маленькіх гісторыях, на аскепках памяці. Нядаўна яна скончыла новую кнігу вершаў, у якой паводле лістоў і сведчанняў блізкіх піша сваю гісторыю выгнання — высялення яе сям’і з вёскі, якая апынулася ў зоне адчужэння.
У чарговым выданні падкасту Юля Цімафеева распавядае пра дакументальную паэзію, якая згладжвае рэчаіснасць. Як пісала “Менскі дзённік” у пальчатках ангельскай мовы. Пра мастацтва Ансельма Кіфера і Луіз Буржуа, якія заўжды натхняюць. А таксама тлумачыць, навошта чытае ўсе раманы
Альгерда Бахарэвіча ўголас і як яе захапаленне калажамі звязана з траўмай эміграцыі.