Выйшаў аўстрыйскі часопіс з вершамі беларускіх паэтаў
2026-03-28 08:56
У Вене выйшаў з друку часопіс пра літаратуру і культуру “Zwischenwelt”,
у якім апублікаваныя творы больш як паўтара дзясяткa беларускіх
літаратараў у перакладзе на нямецкую мову. Першы нумар за 2026 год
называецца “Час на мяжы. Беларуская літаратура ў падполлі і ў выгнанні” (Zeit am Grat. Belarusische Literatur im Untergrund und im Exil).
Падборам аўтараў займалася Ганна Янкута ў супрацы з рэдактаркай часопіса, перакладалі ўрыўкі эсэ і паэзію Ціна Вюншман, Томас Вайлер, Лотэ Фрай, Францыска Фюхсль.
Сярод аўтараў і аўтарак нумара
Алесь Бяляцкі,
Сабіна Брыло,
Юля Цімафеева,
Ганна Шакель,
Ганна Янкута,
Сяргей Прылуцкі,
Артур Камароўскі, Дар’я Бялькевіч, Марыя Літвін, Альгерд Бахарэвіч, Уладзь Лянкевіч,
Таццяна Нядбай,
Марыя Бадзей і іншыя. Частка літаратараў выступае пад псеўданімамі.
Добрая траціна выдання прысвечана беларускай літаратуры, апроч
публікацыі перакладаў таксама змешчаны рэцэнзіі на кнігі беларускіх
аўтараў (
Юлі Цімафеевай,
Альгерда Бахарэвіча,
Віктара Жыбуля і
Тані Арцімовіч), што апошнім часам выходзілі па-нямецку.
Часопіс аздабляюць калажы Юлі Цімафеевай.
Часопіс “Zwischewelt”, прысвечаны культуры выгнання і
супраціву, з 1984 года штоквартальна выдаецца ў Вене Таварыствам Тэадора
Крамера. Замовіць нумар можна, напісаўшы на адрас:
office[a]theodorkramer.at