Выйшаў дэбютны раман Марыі Пархімчык “Эйфарыя”
2025-08-26 16:04
У выдавецтве «Пфляўмбаўм» выйшаў з друку дэбютны раман Марыі Пархімчык «Эйфарыя». «Агонь-полымя-глюкі-іронія-сарказм!» — гэтак сцісла і эмацыйна выказваюцца выдаўцы пра кнігу.
Анатацыя:
На IT-востраў у цэнтры Еўропы прыязджаюць журналіст Пітэр Уордсварт і мастацкі кіраўнік танцавальнага калектыву Кацярына Фёдараўна. Ён збіраецца зрабіць яскравую гісторыю пра змрочную рэспубліку, яна — годна выступіць на свяце ўраджаю. Усё ад пачатку ідзе не па плане. Героям даводзіцца прайсці праз выпрабаванні, якія стварае для іх нехта на востраве. Аднак хутка прыгоды пачнуцца і для тых, хто імі кіруе... Дзе праўда, дзе выдумка — дакладна не адкажа ўжо ніхто.
Разам з героямі «Эйфарыі» чытач завітае на юбілей народнага артыста, зазірне ў цэнтр псіхічнага здароўя, наведае шыкоўны замак, паглядзіць лялечны спектакль, дасць драла ад лясных драпежнікаў і разгадае загадку ўсюдыісных помнікаў правадыру.
Марыя Пархімчык нарадзілася ў 1986 годзе на Бабруйшчыне. З адукацыі — філалагіня, з прафесіі — журналістка, рэдактарка, сторытэлерка, стваральніца падкастаў. Таксама працуе з гумарыстычнымі тэкстамі як камікеса і ўдзельніца фемінісцкага стэндап-клубу. Удзельніца Рэзідэнцыі маладога літаратара Беларускага ПЭН-цэнтра ў 2019 годзе. Раней друкавалася толькі з малымі формамі і ў самвыдаце. Дэбютуе ў «Пфляўмбаўм» з раманам «Эйфарыя», які ствараўся зімой 2021/2022 ў Менску.
Фота аўтаркі Віялета Саўчыц