Выйшаў двухтомнік Борхеса ў перакладзе Сяргея Шупы
2025-12-22 14:53
У выдавецтве «Янушкевіч» выйшаў зборнік апавяданняў Хорхе Луіса Борхеса ў двух тамах. Перакладчыкам з гішпанскай на беларускую выступіў знаны майстар сваёй справы Сяргей Шупа.
У беларускае выданне ўвайшлі чатыры найважнейшыя зборнікі класіка сусветнай літаратуры — «Вымыслы», «Алеф», «Паведамленне Броўдзі», «Кніга з пяску». Рэдактура Кацярыны Маціеўскай, дызайн Тацяны Шуставай.
Абодва тамы можна набыць ў кнігарні ў Варшаве, а таксама замовіць праз сайт
Knihauka.com (Том І і Том 2).
«Але самым важным для нас з’яўляецца той факт, што кнігі выйшлі ў свет дзякуючы чытацкай падпісцы на Patreon і Zrzutka. Гэта сапраўдны прыклад унутранага фінансавання некамерцыйнага кніжнага праекта, без капейкі знешніх уліванняў. Нашы падпісчыкі падтрымлівалі не выданне канкрэтнай кнігі, а працу выдавецтва як такога. У выніку мы давялі справу з выданнем зборнікаў Борхеса да канца», —
тлумачаць у выдавецтве і дзеляцца планамі на будучыню.
Так у 2026 годзе рыхтуюцца да выдання «Бляшаны барабан» Гюнтэра Граса, «451 градус па Фарэнгейце» Рэя Брэдберы. А таксама пакрысе пачынаецца падрыхтоўка «Чароўнай гары» Томаса Мана і «Партрэта Дарыяна Грэя» Оскара Уайлда.