Выйшаў новы том манаграфіі пра беларускія гаворкі ў Літве
2026-04-15 07:53
У Вільні пры падтрымцы Інстытута літоўскай мовы выйшла манаграфія польскага беларусіста Міраслава Янковяка “Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2: Шальчынінкайскі раён”. Кніга выдадзеная на польскай мове, змяшчае рэзюмэ на ангельскай і літоўскай.
У першым томе разглядаліся беларускія дыялекты, якія выкарыстоўваюцца
ў паўднёвай частцы краіны (Варэнскі раён). Гэты том знаёміць чытача з
Шальчынінкайскім раёнам, у якім разам з Віленскай акругай фіксуецца
гістарычна даволі аднастайны і моцна паланізаваны шэраг беларускіх
дыялектаў.
З беларускага боку Шальчынінкайскі (або Салечніцкі) раён мяжуе з Воранаўскім, Іўеўскім і Ашмянскім раёнамі Гродзенскай вобласці.
Як і першая манаграфія, прысвечаная Варэнскаму раёну Літвы, новая
кніга змяшчае нарыс пра сацыялінгвістычную сітуацыю ў рэгіёне і ўласна
характарыстыку мясцовых беларускіх гаворак (фанетыка, марфалогія,
сінтаксіс, лексіка). Важныя складнікі выдання — тэматычны слоўнік,
свежыя дыялектныя тэксты і фотаздымкі.
Усяго ў гэтай серыі плануецца шэсць тамоў. Манаграфіі пра Варэнскі і
Шальчынінкайскі раёны ўжо выйшлі, наперадзе — падобныя даследаванні пра
Вільнюскі, Тракайскі, Швянчонскі ды Ігналінскі раёны.
Выданне можна набыць у кнігарні Інстытута літоўскай мовы (P. Vileišio g. 5, Vilnius).