Выйшла кніга «Алесь Бяляцкі на Свабодзе». Электронная вэрсія
2022-12-09 11:51
10 сьнежня ў Осла адбудзецца ўручэньне Нобэлеўскай прэміі міру. На цырымоніі ня будзе аднаго зь ляўрэатаў — Алесь Бяляцкі вось ужо 17 месяцаў за кратамі, разам з сваімі паплечнікамі з праваабарончага цэнтру «Вясна».Голас Алеся Бяляцкага некалькі дзесяцігодзьдзяў гучаў на хвалях і онлайн-плятформах Радыё Свабода ў абарону дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі.
У кніжнай сэрыі
«Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга
«Алесь Бяляцкі на Свабодзе».
У кнізе
«Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (аб’ём складае больш як 400 старонак) сабраныя асобныя інтэрвію праваабаронцы, фрагмэнты дыскусій, у якіх ён браў удзел, рэпартажы пра ягоную дзейнасьць пачынаючы з 90-х гадоў, ацэнкі сяброў паплечнікаў. Папяровы асобнік кнігі ўжо ў Осла.
Гэта — ужо другая кніга ў Бібліятэцы Свабоды, прысьвечаная праваабаронцу. У 2012 годзе сьвет убачыла кніга
Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага» пра судовы працэс, які каштаваў кіраўніку «Вясны» трох гадоў няволі.