Выйшла кніга Міколы Захаранкі — лаўрэата прэміі Стральцова
2026-02-18 14:59
У выдавецтве «Дыграф», нядаўна заснаваным заўчасна спачылым Раманам Цымберавым, выйшла кніга Міколы Захаранкі, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова. Выданне выбраных твораў пад назвай «На тым краі зямлі», якое і ёсць ўласна ўзнагародай пісьменніку, змяшчае паэзію, прозу і публіцыстыку.
Журы прэміі прысудзіла ўзнагароду Міколу Захаранку «За творчае ўвасабленне і захаванне класічных літаратурных традыцый, вернасць мове палескай глыбінкі, метафарычна-фальклёрнае асваенне духоўнага свету беларусаў».
Апавяданні ў кнізе «На тым краі зямлі» сюжэтна-займальныя, населеныя пазнавальнымі героямі палескай глыбінкі. Трагедыя і святочная весялосць іхняга жыцця нібы знутры падсвечаныя напаўказачным святлом. І вершы і апавяданні напісаныя вельмі жывой мовай, якая часта збліжаецца з мовай тых самых персанажаў. Публіцыстычная частка кнігі змяшчае артыкулы на востра-сацыяльныя тэмы.
Мікола Захаранка нарадзіўся 13 траўня 1949 году ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1986). Доўгі час настаўнічаў у вёсцы Швабы на Лагойшчыне, дзе і жыве.
Публікаваў апавяданні ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Дзеяслоў», «Роднае слова», «Вясёлка», газеце «Звязда», вершы і публіцыстыку ў «ЛіМе». Аўтар дзіцячых п’ес, зборнікаў прозы «І тады ўдарыў бом...» (Менск, 2013), «Такі вецер, такі вецер...» (Менск, 2019). П’еса «Паехалі» ставілася ў 1996 г. на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова (2026).