Выйшла новая кніга Эдуарда Акуліна “Плашчаніца”
2020-09-23 12:05
Выйшла з друку новая кніга вершаў Эдуарда Акуліна «Плашчаніца».
Гэта ўнікальны міжнародны культурніцкі праект, заснавальнікам якога з'яўляецца вядомы
сербскі літаратар і мастак Мікола Шындзік. Паводле праекта ў Белградзе ў 2016 годзе
адбылася вялікая літаратурна-мастацкая выстава. Сімвалічна, што кніга выйшла
менавіта цяпер -- у плашчанічна-навальнічны для лёсу Беларусі час... Вось як
выказаўся аб праекце ягоны аўтар Мікола Шындзік.
Літаратурна-мастацкая кампазіцыя “Плашчаніца” – вынік творчага сумоўя Эдуарда
Акуліна, паэта з Беларусі, і дванаццаці сербскіх мастакоў. Прачытанне мастакамі
гэтых “густых” вершаў (у перакладзе Міадрага Сібіновіча) увасобілася ў праект
зборніка, дзе распавядаецца дванаццаць аўтэнтычных, насычаных візуальна
аповесцяў, своеасаблівых “выяўленчых фільмаў”, і ўсе яны, насуперак адрознаму
паэтычнаму і жанраваму ўвасабленню, яднаюцца ў складаную архітэктоніку выставы
вершамі з цыкла Эдуарда Акуліна “Плашчаніца”. У зборніку змешчана па адной працы
кожнага аўтара, “выяўленчай песні”, на якую натхніў адзін з вершаў “Плашчаніцы”, і
гэта стварае кампазіцыю ўсёй выставы, жывы шкілет спектакля, дзе словы глядзяць
на вас, а карціны гавораць…
Пытайце «Плашчаніцу» ў сталічнай Акадэмкнізе або непасрэдна ў аўтара
(8-025-60-60-891 А1).