Выйшлі трэцяя і чацвёртая часткі сагі “Silva Rerum”
2026-01-16 14:34
Выдавецтва Vesna Books выпусціла з друку заключныя часткі гістарычнай тэтралогіі «Silva Rerum» Крысціны Сабаляўскайце. Пераклад з літоўскай мовы, як і першых дзвюх кніг, здзейсніў Сяргей Шупа. Кнігі ўжо можна купіць праз сайт Knihauka. com і ў кнігарні ў Варшаве, а таксама шукайце на Allegro.
«Silva Rerum III» працягвае сагу пра род Нарвойшаў — чытач пераносіцца ў сярэдзіну XVIII стагоддзя, дэкадэнцкую эпоху ракако, якую часта называюць «сутоннем перад эпохай Асветніцтва». Пётр Антоні Нарвойш, аконам і давераная асоба магутных Радзівілаў, становіцца сведкам іх сямейнай драмы.
«Silva Rerum IV» завяршае вялікую віленскую сагу роду Нарвoйшаў. Падзеі адбываюцца ў канцы XVIII ст. — гэта час палітычных, эканамічных і культурных узрушэнняў, пераломны момант эпох, калі Вялікае Княства Літоўскае перажывае палітычны заняпад і адначасова прарыў прагрэсіўных ідэй.
Цыкл гістарычных раманаў «Silva Rerum» доктаркі мастацтвазнаўства Крысціны Сабаляўскайце — адна з самых значных падзеяў у літоўскай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў, якая атрымала ўвагу і прызнанне ў Літве і за мяжой. Раней выходзілі першая і другая часткі цыклу.