Нядаўна
Канал замежнага вяшчання Польскага радыё адзначыў 90 гадоў свайго
існавання. Гэта добрая нагода, каб прыгадаць таксама гісторыю Беларускай
службы. Сёння мы хочам вярнуцца да падзей 90-ых гадоў, калі пасля
выбараў прэзідэнта ў 1994 годзе паступова пачалося зварочванне
дэмакратычных інстытутаў у Беларусі, у тым ліку была закрыта маладая
беларускамоўная радыёстанцыя 101,2, з якой нашы журналісты наладзілі
блізкае супрацоўніцтва.
Тады кіраўніцтва вырашыла запрасіць журналістаў ліквідаванай станцыі
працаваць у Варшаве. Гэтыя старонкі гісторыі ў размове з
Наталляй
Грышкевіч прыгадвае шматгадовы кіраўнік Беларускай службы Польскага
радыё
Ніна Баршчэўская.
Ніна Баршчэўская: У 96-ым мы правялі Польскі дзень на
Радыё 101,2, калі цэлы дзень інфармавалі пра падзеі ў Польшчы,
запрашалі таксама высокіх прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, быў міністр
замежных спраў Краўчанка. У нас былі яшчэ мары пра нармальныя адносіны,
што польска-беларускія дачыненні будуць узмацняцца. Мы верылі, што
мінуўшчына без кровапраліцця на нашым памежжы гэтаму паспрыяе.
На жаль, Радыё 101,2 было ліквідаванае,
але наша супрацоўніцтва не скончылася. Мы ў сваім эфіры далі поўгадзіны
журналістам, каб яны маглі вяшчаць з Варшавы пра падзеі ў Беларусі. Мы
таксама памянялі профіль нашага вяшчання, каб інфармаваць не толькі пра
падзеі ў Польшчы, але таксама інфармаваць грамадзян Беларусі, што
адбываецца ў іх дзяржаве. Слухачы былі нам удзячныя, што мы даем таксама
тлумачэнне падзеяў.
Наталля Грышкевіч: Было таксама супрацоўніцтва з іншымі радыёстанцыямі,
напрыклад, Радыё «Сталіца» ці «Аўтарадыё». На жаль, паступова гэтыя
незалежныя станцыі або закрывалі, або яны былі прымушаныя спыніць
кантакты з замежнымі СМІ.
Ніна Баршчэўская: На Радыё «Сталіца» мы рыхтавалі
культурныя навіны — тое, што яны маглі даць у свой эфір. Калі мы
рыхтавалі перадачы аб прысутнасці Польшчы ў Еўрапейскай супольнасці, мы
маглі гэта трансляваць. Праўда, трэба было ўлічваць фармат ФМ-станцыі.
Напрыклад, калі мы падрыхтавалі інтэрв’ю з тагачасным міністрам замежных
спраў Польшчы Уладзімежам Цімашэвічам, гэтае інтэрв’ю прыйшлося даць у
адрэзках. Такім чынам мы змаглі падаць людзям у Беларусі крытычную
інфармацыю, паколькі тады ў Беларусі ўжо немагчыма было свабодна
выказвацца пра двухбаковае супрацоўніцтва.
Наша дзейнасць была складаная, паколькі
неабходна было ўлічаць тую небяспеку, якую мы маглі стварыць калегам,
падаючы крытычную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле