Як жыў і загінуў ад рук расейскіх салдатаў пісьменьнік Вакуленка, аўтар двух беларускіх праектаў ва Ўкраіне
2022-12-06 17:03
У Харкаве 6 сьнежня разьвітваюцца з украінскім дзіцячым пісьменьнікам Уладзімірам Вакуленкам, цела якога тыдзень таму знайшлі ў адным з масавых пахаваньняў у Ізюме Харкаўскай вобласьці.
У ягоным целе экспэрты знайшлі дзьве кулі, імаверна, ад пісталета Макарава. У канцы сакавіка расейскія вайскоўцы выкралі пісьменьніка з дому. З таго часу родныя ня бачылі яго жывым.
Удзельнік Рэвалюцыі Годнасьці, валянтэр і актывіст, ён ніколі не хаваў сваіх перакананьняў. Канфліктаваў за мову. Быў прынцыповы. Ён таксама вельмі любіў дзяцей, пісаў для іх вершы і казкі.
«Ягоная галоўная зброя — пяро»
Маці пісьменьніка Алена Ігнаценка, расказваючы пра сына, дагэтуль гаворыць пра яго, што ён ёсьць, а ня быў.
«Я дагэтуль не магу паверыць, я дагэтуль не разумею, хто мог падняць руку. Ён быў такі худы. Ягонай галоўнай зброяй заўсёды былі асадка, пяро. Хіба можна было страляць у такога чалавека?» — цытуе BBC маці загінулага пісьменьніка.
Алена Ігнаценка дадала, што яе сын пачаў пісаць вершы яшчэ ў малодшых клясах.
«Гэта было, як правільна сказаць, каб не на суржыку, — азарэньне. Вось яму ў галаву прыйшло — ён імгненна запіша. Калі яго адпраўлялі ў армію, ён такі верш пра маці напісаў і прачытаў, што ўсе госьці сядзелі і плакалі», — успамінае маці Ўладзіміра Вакуленкі.
Алена Ігнаценка дадала, што яе сын быў закаханы ва ўкраінскую мову і прынцыповы наконт яе ўжываньня. Праз гэта меў шмат канфліктаў з аднасяльчанамі.
«Ён намагаўся дабіцца, каб цалкам усе перайшлі на ўкраінскую мову. Але ў нас усё жыцьцё — суржык. Мне, напрыклад, усё роўна, хто як размаўляе, абы чалавек быў добры. Ну а ён такі прынцыповы. Дзевяць гадоў пражыў на Львоўшчыне, то ён прывык да ўкраінскай мовы», — дадала маці пісьменьніка
Адмовіўся ад расейскай гуманітарнай дапамогі
Уладзімір Вакуленка жыў з сынам у Капітолаўцы каля Ізюму, побач з маці. Сына ён выхоўваў сам пасьля разводу з жонкай. Вайна ў гэтым паселішчы пачалася з абстрэлаў і авіяналётаў. Алена тыдзень не магла дабрацца да сына з унукам, хоць яны жылі на суседняй вуліцы.
«Абстрэлы. Высунесься — гармата як ударыць! Але ўсё роўна душа балела так, пабеглі і пераканаліся, што ўсё жывыя. Выжывалі як маглі, таган паставілі ў садзе. Гатавалі», — расказвае маці пісьменьніка.
Ужо тады ў вёсцы не было газу, вады і электраэнэргіі.
«Мы да іх прыбеглі, а ў іх няма нават з чаго есьці зварыць, вады пітной няма. Там у іх у двары сьвідравіна, але ж электрыкі няма запампаваць, і мы пачалі так пад абстрэламі ім спачатку насіць у біклажках, а потым біклагу такую малочную знайшлі. І „краўчучкай“ (складная рама з двума колцамі. — РС) вазілі пітную ваду», — расказала Алена Ігнаценка.
З рэшткаў мукі Алена пякла на буржуйцы праснакі-матаржэнікі: «Ну як гэта дзеці, мой сыночак, мой унучак — і бяз хлеба».
Расейцы зайшлі ў Капітолаўку 7 сакавіка. Блёк-пост паставілі побач з брамай будынку, у якім Вакуленка жыў са сваім бацькам і сынам. Свой штаб расейцы разьмясьцілі ў дзіцячым садку. Туды завозілі прадукты і казалі, што гэта нібыта гуманітарка. Тады людзі ўжо пачалі галадаць. Ратавала толькі гародніна ў склепе, таму пайшлі туды, каб хоць нешта ўзяць. Падышоў і Ўладзімір.
«„Мама, а чыя гуманітарка?“. Кажу: „Вова, перахрысьціся тройчы, вядома, расейская! Як сюды трапіць цяпер украінская гуманітарка?“ — „Так. Я кацапскага браць ня буду!“».
Але бацькі прымусілі яго ўзяць хацяб нешта для сына.
«Кажу, Вова, гэта твой прынцып, я цябе разумею. Можа, у нас у душы тое самае, але ад голаду мы ня будзем паміраць. Мы ня ведаем, калі і што мы недзе зможам дастаць, ці нам дадуць, ці прывязуць. „Ладна, для Віталіка вазьму“», — прыгадала сваю размову з сынам Алена Ігнаценка.
Сын і бацька
Уладзімір Вакуленка вельмі любіў свайго сына Віталя. Іхныя стасункі былі асаблівыя. Менавіта таму Ўладзімір Вакуленка пачаў пісаць дзіцячыя кнігі. У Віталя дыягнаставалі аўтызм.
«Гэтымі дзіцячымі творамі, выступамі ў дзіцячых установах, выданьнем кніг для сьляпых дзяцей... Менавіта дзякуючы свайму Віталіку ён разумеў, што такім дзецям патрэбна асаблівая ўвага», — мяркуе Алена.
Паводле яе, Уладзімір і Віталік ніколі не расставаліся. І цяпер Віталь вельмі сумуе па бацьку. Алена забрала да сябе ўнука праз тыдзень пасьля таго, як прапаў сын Уладзімір.
У студзені Віталю споўніцца 15 гадоў. Ён вельмі зьмяніўся пасьля перажытага.
Напісаў 13 кніг і выдаў два беларускія выданьні
Цяпер у Харкаўскім літаратурным музэі апрацоўваюць дзёньнік, які вёў Уладзімір Вакуленка ў часе акупацыі і які пасьпеў закапаць у зямлі. Рукапіс знайшлі толькі праз паўгода.
У творчай спадчыне Ўладзіміра Вакуленкі 13 кніг. Ён перакладаў зь літоўскай і беларускай моваў.
У 2020-м на тле пратэстаў у Беларусі ён ініцыяваў выданьне анталёгіі беларускай паэзіі «Жыве Беларусь! За нашу і вашу свабоду!».
У лютым 2021 году ў Будапэшце выйшла кніга «Сучасні білоруські казки», надрукаваная шрыфтам Брайля для дзяцей, якія маюць слабы зрок.
Уладзіміра Вакуленку пахаваюць у Харкаве.