Пяты фестываль «Тутака», што адбыўся 10–13 ліпеня каля Гарадка, аб’яднаў не толькі аматараў творчага адпачынку, але і аматраў кніг і прадстаўнікоў літаратурных колаў.
На працягу некалькіх дзён на фэсце дзейнічалі літаратурныя пляцоўкі, адбыліся сустрэчы з пісьменнікамі, дыскусіі, а таксама «ярмарка чытва», якая сабрала незалежных выдаўцоў, аўтараў і чытачоў з розных рэгіёнаў Беларусі.
Як адзначыў кіраўнік Фонда «Камунікат» Яраслаў Іванюк, удзел кніжнай супольнасці ў падобных мерапрыемствах мае важнае значэнне для захавання культурнай разнастайнасці і развіцця незалежнага кнігавыдання.
— Адбылося некалькі прэзентацыяў з удзелам аўтараў, якія выдаваліся ў нашым выдавецтве, прыехаў Севярын Квяткоўскі са сваёй новай кнігай фрашак «Мы ідзём на марш». Прэзентаваў гэтую кнігу, і пазней аказалася, падчас самой продажы на кірмашы, гэта адна з найлепш прадаваемых кніг. Быў таксама Уладзімір Арлоў, які распавёў пра сваю кнігу «Імёны Свабоды» і пра працу над новымі праектамі, у тым ліку над другой часткай «Імёнаў Свабоды».
Кнігі, на думку Яраслава Іванюка, больш прадаюцца тады, калі «побач ёсць аўтар»:
— Кнігі прадаюцца тады, калі ёсць аўтары, ёсць прэзентацыя. Пасля прэзентацыі кнігі «Птушкі без гнёздаў» і пасля прэзентацыі кніг Уладзіміра Арлова наведвальнікі «Тутакі» вельмі цікавіліся гэтымі выданнямі. Так што, я думаю, гэты фестываль, які адбываецца пад Гарадком, ён адно з месцаў, дзе можна зацікавіць беларускую дыяспару беларускай добрай літаратурай. І гэта адно не з апошніх месцаў.
Сёлета на фэстывалі свае кнігі прадстаўлялі чатыры беларускія выдавецтвы. Фэст «Тутака» праводзіцца з 2021 года і ўжо набыў рэпутацыю адной з найважнейшых падзей для альтэрнатыўных ініцыятыў у сферы культуры і адукацыі.
Цалкам матэрыял — у далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя