Яўген Вапа: Грамадзянская кааліцыя перайграла іншых удзельнікаў выбараў
2020-06-29 19:10
Сённяшні госць Рацыі – старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, з якім наш карэспандэнт Улад Грынеўскі абмяркоўвае вынікі першага туру прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы.
РР: Паводле папярэдніх вынікаў, у Польшчы будзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Анджэй Дуда набірае 45,24%, Рафал Тшаскоўскі 28,92%, на трэцім месцы Шыман Галоўня – 13,69%. Многія раней гаварылі, што другога тура не будзе. Атрымліваецца, што гэта неспадзянка?
Яўген Вапа: Другі тут стаў рэальным, калі адбыўся моцны ўваход кандыдата Грамадзянскай кааліцыі Рафала Тшаскоўскага. Адзначу, што вынікі экзіт-полаў заўсёды не зусім дакладныя. Мяне здзівіў разыход у лічбах адносна выбарчай яўкі. Экзіт-пол падае, што яўка была 64%, а выбарчая камісія – 52%. Тут штосьці, відаць, не спрацавала. Вельмі вялікае разыходжанне. Грамадзянская кааліцыя дасягнула гэтага выніку праз дзве рэчы. Па-першае, яна пастрашыла людзей у Польшчы карэспандэнцыйнымі выбарамі, і выбары не адбыліся ў траўні. І гэтымі пытаннямі Грамадзянская кааліцыя абыграла другія партыі. І зрабіла ўсё, каб змяніць свайго дрэннага кандыдата. І гэта быў галоўны сэнс аперацыі. У папярэдняй кандыдаткі быў рэйтынг каля 2-3%. І пасля гэтай замены іншыя апазіцыйныя партыі аказаліся ў аўтсадэрах і згубілі шансы лідараваць у апазіцыі. А вось Галоўня казаў, што ён хоча, каб выбары адбыліся як найхутчэй, ён згаджаўся на травеньскі тэрмін. Але гэта быў грамадзянскі кандыдат, ён не меў уплыву на палітычныя рашэнні ў Сойме. Таму Грамадзянская кааліцыя тут адназначна выйграла.
РР: І чаму так адбываецца, што вынікі экзіт-полаў не зусім дакладныя. Арымліваецца, што людзі, якія выходзілі з выбарчых участкаў, саромеліся прызнацца за каго прагаласавалі?
Яўген Вапа: Думаю, тут спрацовае тое, што людзі, выходзячы з выбарчых участкаў, не гаварылі нічога. Ёсць так званы ў апытаннях чалавек, які не гаворыць. Відавочна, была вялікая частка выбаршчыкаў, якая не гаварыла на каго галасуе. Афіцыйныя вынікі будуць заўтра. Тады будзем мець дакладныя лічбы. Уваход у выбары Тшаскоўскага павялічыў рэйтынг кандыдата кааліцыі з 2-3% пад 30%, якія бачым зараз, гэта аграмадная праца. Ішлі два гэтыя блокі, традыцыйна ад некалькі гадоў яны ідуць на “баксёрскую сутычку”, каб па дарозе адбіць усіх слабейшых. І цяпер цікава, ці адважыцца на старт наш беластоцкі кандыдат Шыман Галоўня? Ён мае свае 13%, гэта 2-3 мільёны чалавек, гэта ёсць пэўная сіла, ці ён яе будзе пераўтвараць у партыю, ці на тым яго роля, як грамадзянскага кандытата, завершыцца.
РР: Але ці гэта сапраўды палітычная моц, ці ўсё ж такі была спроба згуляць на медыйнай папулярнасці?
Яўген Вапа: Тут, напэўна, уваходзіць усё. Але будзем бачыць у другім туры, як Шыман Галоўня перадасць свае галасы кандыдату Тшаскоўскаму. Бо тут, напэўна, не для Дуды. Хаця электарат ёсць розны. Бо галасы гэта не ёсць мех бульбы, які перакінеш з адной машыны ў другую. Многія з іх проста не пойдуць галасаваць, бо яны моцна расчараваныя кіраваннем двух тэрмінаў менавіта Грамадзянскай Платформы. Таму галасавалі за трэцюю сілу.
РР: Многія аналітыкі кажуць пра рэкордную яўку на выбары. Ці гэта не азначае, што палякі не вельмі задаволеныя сённяшнім кіраўніцтвам?
Яўген Вапа: Калі разглядаць лічбу 52% ўдзелу, то гэта ў межах статыстычнага. У Польшчы калі прымаюць удзел звыш 50% – гэта добры вынік. Гэта легімітызуе ўладу. Я думаю, цікавая з’ява, якую часта людзі не заўважаюць, гэта выбаршчык друга туру. Выбаршчык, які не ідзе ў першым туры галасаваць, а ідзе толькі ўжо ў другім туры, ясна, што ён ідзе галасаваць супраць кагосьці. Іх цяжка падлічыць. Але менавіта іх голас можа быць вырашальным.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя