Яўген Вапа: Нобелеўская прэмія належыць мільёнам беларусаў
2022-12-09 11:40
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, вядомы беларускі праваабаронца, свой грамадскі шлях пачынаў у нацыянальна-палітычным руху. Таксама Алесь – знаўца літаратуры, а ў прыватным жыцці – аптыміст, які любіць жартаваць і гатаваць.
„Госць Рацыі” старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя, галоўны рэдактар тыднёвіка „Ніва” і старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа:
– Тое, што здарыцца справа, якая не дазволіць сысці з беларускай справы, не дазволіць забыцца пра беларускую справу, пра беларускіх палітвязняў, пра ўсіх каго праследуюць, пра рэпрэсіі ў Беларусі, то менавіта тое рашэнне, камітэту ў гэтым годзе ў дачыненні да іншых лаўрэатаў, вельмі трапнае для той часткі Еўропы, у якой знаходзіцца Беларусь. Для мяне гэта, як для ўсіх беларусаў – гэта шацунак для той дарогі, якую прайшла беларуская супольнасць і беларускі незалежны дэмакратычны рух з паловы 80-х гадоў. Выяўленнем гэтага з’яўляецца менавіта Алесь Бяляцкі. Калі гаварыць пра такую сферу, якую называем духоўнасцю і нейкай таямнічасцю, я ў гэты дзень, не ведаю чаму, увогуле на задумваючыся над тым, што гэта як раз дзень прысуду – пятніца, калі прысуджалі гэтае нобелеўскае рашэнне, я апрануў кашульку з надпісам: „Свабоду Алесю Бяляцкаму!”. Калі я гэта пачуў, то не мог паверыць, што такое бывае, як тут не паверыць у метафізічныя справы. Менавіта тое, што Алесь Бяляцкі, які з’яўляецца ўвасабленнем таго пакалення, тых людзей і повяззю паміж тымі пакаленнямі, якія пасля вайны змагаліся за беларускасць. Ён верыў у ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі, у ідэалы некамуністычнай беларускай дэмакратычнай дзяржавы. Гэта свядомае пакаленне, якое прыйшло ў беларускую грамадскасць і тым самым прыйшло ў беларускую палітыку. Мы часта забываем пра тое, што менавіта вытокі беларускай грамадскасці, беларускай палітыкі, паходзяць з тых дзеянняў, якія тварыліся нефармальнымі асяродкамі, падпольнымі структурамі менавіта ў пачатку 80-х гадоў, сярод тых асоб быў Алесь Бяляцкі. Яго дарога, якую ён прайшоў з 20-ці гадоў да сённяшняга 60-годдзя – гэта сорак гадоў змагання за незалежную Беларусь. Мы пра тое забываем, мы часта забываем пра тыя адрэзкі часу, якія людзі прысвяцілі справе. Ён сам у сваіх успамінах піша, што калі пачыналі, то іх былі дзясяткі, потым сотні, потым тысячы, а цяпер мільёны беларусаў, якія за свабодную, незалежную, дэмакратычную Беларусь. Значыць праца не пайшла ўпустую. Гэта толькі вонкавыя абставіны і геапалітычная раскладка ў якой знаходзіцца Беларусь, у гэты момант яшчэ не дазваляюць, каб канчаткова перамагчы. Але менавіта таму гэтая Нобелеўская прэмія належыць, як сам Алесь падкрэслівае, тым мільёнам беларусаў, для якіх вызначэннем ёсць менавіта незалежнасць сваёй краіны. Гэта самае галоўнае, але каб да гэтага дайсці, трэба цярплівасці, мужнасці і адказнасці.
РР: Калі стала вядома, што Алесь Бяляцкі сярод гэтых трох лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру, то ў дэмакратычным беларускім асяроддзі не было ніякіх дыскусій.
– Менавіта тое, што беларускія палітычныя сілы часта забываюць і цяпер, што прызнанне Алеся Бяляцкага лаўрэатам прэміі – гэта пашырэнне справы, беларускай тэмы, гэта аграмадны высілак усіх, менавіта гэта падкрэсліваў Алесь, што ў сітуацыі дыктатуры, у сітуацыі ў якой апынулася Беларусь з 1994 года, напрацягу такога вялізнага адрэзку часу ад прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, гэта вялікая справа і заслуга менавіта таго палітычнага руху, які нягледзячы на пераслед вытрымліваў гэтыя ўдары. Яго мінімалізавалі, яго хацелі выпхнуць за межы краіны. Не варта забываць, што ў Беларусі перад узнікненнем Беларускага Народнага Фронту дзейнічала арганізацыя „Мартыралог Беларусі”. „Мартыралог Беларусі” – гэта тое вяртанне гістарычнай памяці, гэта арганізацыя звязаная з Курапатамі, з першымі шэсцямі і першымі пратэстамі, у гэтым усім удзельнічаў Алесь Бяляцкі. Ён звяртае ўвагу, што нельга адрозніваць і раздзяляць нацыянальна-палітычнага з праваабарончым. Зараз на жаль вельмі смешная сітуацыя, калі кажуць: „Мы праваабаронцы, мы не займаемся палітычнымі справамі”. Прабачце, але вамі палітыка даўно занялася. Алесь Бяляцкі заўсёды выступаў рэзка супраць такога падзелу. Усе нацыянальна-дэмакратычныя каштоўнасці заўсёды з’яўляюцца каштоўнасцямі правоў чалавека. Ён гэта ўсведамляў, беларускае нацыянальна-дэмакратычнае абазначае таксама і большую свабоду ўсім грамадзянам Беларусі, што звязана з захаваннем тых жа правоў чалавека, увасабленнем якіх ён стаў, калі пасля вясны 1996, калі адбыліся першыя аграмадныя рэпрэсіі накіраваныя супраць беларускасці, супраць беларускай палітыкі. Мы забываемся пра палітычны аспект, аспект расейскай захопніцкай агрэсіі ў дачыненні да Беларусі, быў тым момантам, у якім пачыналася „Вясна”. Пад першы ўдар лукашыстаў трапіла тая частка грамадства, якая была за незалежнасць, за дэмакратыю і за беларускасць Беларусі. Менавіта сваю актыўную грамадскую дзейнасць Алесь Бяляцкі выяўляў, як дэмакратычны райца, дэмакратычны самаўрадавец Менскага гарсавета. Бел-чырвона-белы сцяг, які з’явіўся над Менскам – гэта яго справа. Ён актыўны дзеяч і намеснік Беларускага Народнага Фронта, які разам з Мікалаем Статкевічам вялі шматтысячныя натоўпы людзей па вуліцах Менска. Адначасна гэта мара пра тое, каб быць навукоўцам, прафесарам. Музей Максіма Багдановіча – гэта ягонае дзіцё. Ягоная праца, якая выйшла на пачатку 90-х, пра якую сёння забываюцца, якой ён акрэсліў свой погляд на жыццё – гэта „Літаратура і нацыя”. Гэта ягоная кніжка, дзе вяртаюцца і ўсведамляюцца тыя перыяды, якія звязаны з літаратурай пералому 19-га і 20-га стагоддзя, з нашаніўскім адраджэннем. Яны былі тым арыенцірам, тым шляхам для яго, якіх ён трымаўся і трымаецца. Як ён гаворыць: „Гэта свая айчына, свая краіна. Гэта каштоўнасць, якую трэба абараняць усімі спосабамі, калі давядзецца”. Гэта натуральны шлях чалавека дэмакрата, беларуса, незалежніка.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя