Кніга Югасі Каляды — у спісе намінантаў на прэмію Гедройця. Найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 года за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове.
Ці цяжка пісаць кнігі пра Беларусь у эміграцыі? Якія планы на творчасць у будучым? І чаму суддзя ў кнізе — пазітыўны герой? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае аўтарка кнігі Югася Каляда ў размове з Юліяй Сівец.
РР: Паразмаўляем пра тваю новую кнігу, якая выйшла ў 2024 годзе ў выдавецтве «Пфляўмбаўм». Кніга называецца «Перамена месцаў». І гэта пра Беларусь 2017 года. Ці было лёгка пісаць пра Беларусь 2017 года?
Югася Каляда: З чым мы можам параўноўваць, з якім годам? З 15-ым? З 16-ым? З 10-ым? Не ведаю, пра Беларусь заўсёды цяжка пісаць, таму што трэба аналізаваць, асабліва пра сучаснасць. Трэба аналізаваць і даваць ацэнку падзеям, тую ацэнку, якую ніхто яшчэ не рабіў.
РР: Ідэя кнігі ў цябе ўзнікла задоўга да 2017 года? Ці гэта нарадзілася, калі ты выехала на эміграцыю?
Югася Каляда: Увесь час, пакуль я не пісала, я збірала сюжэты і глядзела як могуць раскрыцца галоўныя фінальныя канфлікты. І я не магу сказаць, што прыдумала яе ў нейкі канкрэтны год. У адзін момант я збірала герояў. У наступны момант я падумала пра падзеі, якія з імі адбыліся б. Насамрэч, я пісала яе ўжо ў Вільні. Але ідэю я прывезла з Беларусі. І калі я падыходзіла да фіналу, я зразумела, што ў Беларусі я б гэтую кнігу напісала б у шуфляду.
РР: Чаму, дарэчы?
Югася Каляда: Калі кажаш праўду, расказваеш, то ты ўваходзіш у канфлікт з рэжымам у Беларусі. І пісаць на тэмы асобныя ад палітыкі немагчыма. Пра сучасную Беларусь з 1994 года я не ведаю спосабу напісаць адасоблены ад палітычнай барацьбы сюжэт. Нават пра каханне. Таму што героі, калі пачынаюць дзейнічаць, яны не ў вольным грамадстве дзейнічаюць, а яны сутыкаюцца з перашкодамі. І ў любым сюжэце антаганіст адзін атрымліваецца. Я не пісала 20 гадоў ад першай кнігі да другой, таму што я шукала, на якую тэму і якім чынам мне можна выказацца свабодна. І ці магу я сабе дазволіць такое выказванне.
РР: Мне падаецца, што не столькі пра саму Беларусь, а ўсё ж такі пра Гомель, пра твой роднай горад. Ці была настальгія, калі ты пісала гэтую кнігу па Гомелі, бо ў ёй вельмі добра апісваюцца і вулачкі, і ўвогуле гарадская прастора.
Югася Каляда: І была і ёсць — і па Гомелі, і па Менску, які я думала, што я яго не люблю. А аказваецца, што я вельмі як яшчэ яго люблю. Я часам згадваю і гуляю па ўяўных вуліцах. А Гомель гэта ўвогуле асобная справа. Гэта родны горад, дзе я нарадзілася, і ён памятае мяне і маленькай, і дарослай, і падлеткам, і маладой жанчынай. Я задавальненне атрымлівала ад таго, што магу гэты Гомель стварыць, аднавіць хаця б ва ўяўным выглядзе, але аднавіць той Гомель, які я памятаю, які люблю, таму што кожны чытач, гэта таксама і аўтар. Чытач, калі чытае кнігу, ён узгадвае і ў галаве сваёй уяўляе і стварае гэтую прастору і таксама трапляе ў гэты Гомель. І таму гэта такая даніна роднаму Гомелю, што я магу яго захаваць.
Цалкам гутарка — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя