З Нацыянальнага мастацкага музэю звольнілі 18 чалавек пасьля публікацыі ў праўладным тэлеграм-канале
2022-12-26 15:05
З Нацыянальнага мастацкага музэю звольнілі 18 чалавек з палітычных прычын.
Пра гэта Zerkalo паведамілі чытачы і знаёмыя звольненых.
Паводле інфармацыі выданьня, рашэньні аб звальненьні 18 чалавек былі прынятыя ў адзін дзень — 23 сьнежня 2022 году. За тыдзень да гэтага, 17 сьнежня, у адным з прапагандысцкіх рэсурсаў зьявіліся абразьлівыя нататкі пра намесьніцу дырэктара Нацыянальнага мастацкага музэю па навуковай і асьветнай рабоце Сьвятлану Анейку і кіраўніцу аддзелу беларускага мастацтва XX–XXI стагодзьдзяў Кацярыну Ізафатаву.
У выніку абедзьвюх супрацоўніц звольнілі. Таксама страціў сваю пасаду намесьнік дырэктара па агульных пытаньнях і рэстаўрацыі Сяргей Вечар. У выніку ў гендырэктара Ўладзімера Пракапцова, які падпісаў загады аб звальненьні, не засталося ніводнага намесьніка.
Гэтае ня першае звальненьне з Мастацкага музэю. На пачатку сьнежня 2022 году адтуль прыйшлося сысьці Ірыне Моніч, маці мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча. Апошні быў звольнены з музэю яшчэ ў 2020 годзе.