- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На паўдарозе да кухні я спынялася: яны ж галадаюць свядома, ніякай ежы туды браць не трэба. Вернікам, што такім адчайным негвалтоўным спосабам імкнуцца адстаяць свае правы на свабоду веравызнання, на магчымасць спакойна маліцца ва ўласным храме, ад іншых людзей патрэбна толькі духоўная падтрымка, разуменне законнасці прад’яўленых уладам патрабаванняў, праявы чалавечай, хрысціянскай салідарнасці. Шчырая малітва за іх, за ўсіх нас, за дараванне мудрасці тым, ад каго залежыць прыняцце патрэбнага рашэння. Трэба знайсці правільныя словы для размовы з галадоўнікамі, трэба далікатна задаваць пытанні пра іх фізічны стан, трэба настроіцца на адну з імі хвалю веры, спадзявання, цярпення. І часта дзеля гэтага я брала ў рукі «Споведзь» Ларысы Геніюш, перачытвала старонкі, дзе яна апісвае стаўленне да вернікаў у савецкіх турмах, у ГУЛАГу. Бальшавікі пакаралі таленавітую паэтку і праваслаўную хрысціянку 25 гадамі сталінскай катаргі за яе любоў да Беларусі, за шчырую веру ў Хрыста і слушнасць запаведзяў Божых.