- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сяргей Фамін (1906–1941) — адзін з апошніх паэтаў, расстраляных у часы сталіншчыны. Нарадзіўся на Мсціслаўшчыне, скончыў Магілёўскі Белпедтэхнікум, пасля ўступіў у «Маладняк» і пераехаў у Менск. Фамін прымае ўдзел у драбленні літаратурнага руху, уступіўшы ў аб’яднанне «Пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка», якое спрабуе канкураваць з літаб’яднаннямі нацыянал-камуністычнага «Полымя», мадэрнісцкага «Узвышша», футурыстычнай шукайлаўскай «Камунай» ды артадаксальна-праўладнай БелАПП. Пасля заканчэння БДУ Фамін у 1930 годзе з’язджае з Менску. Фамін едзе працаваць у Горкі настаўнікам рускай мовы і літаратуры, туды, дзе яшчэ нядаўна выкладаў Максім Гарэцкі, таксама ўжо арыштаваны. У 1935 яго ўпершыню арыштоўваюць: кіраваў літаратурным гуртком, прыйшоў данос і ўсіх забралі ў засценкі НКУС. Прысуд — расстрэл з заменай на 10 гадоў лагероў. У Комі АССР Фамін меў адносна лёгкую лагерную долю, працаваў тапографам. Вучыў італьянскую мову, пісаў вершы і такім чынам дачакаўся канца яжоўшчыны і пачатку сусветнай вайны. Але пры канцы 1941 года яго зноў судзяць, за «стварэнне» чарговай міфічнай «контррэвалюцыйнай арганізацыі», і цяпер расстрэл ужо не адмянілі. Сяргей Фамін быў забіты 4.12.1941 года.