- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Зьвечару, па ледзь зялёных вільготных лагчынках, над непрыбраным з зімы сьмецьцем і леташняй лістотай, над кволымі голымі дрэўцамі, пачаў зьбірацца мяккі рэдзенькі туман. Шэрае неба нізка нахілілася над горадам, які яшчэ не пасьпеў запаліць сьвятло ліхтароў і вітрынаў і праз тое выглядаў асабліва сонным, нейкім па-дзіцячы разгубленым, як малое, што заблукала і ня ведае ці плакаць, ці шукаць матулю... Вырашае ўсё ж плакаць – пачынае імжэць дробны дожджык. Хуткі роўны ход і лагоднае пагойдваньне маршруткі ствараюць уражаньне знаходжаньня ў цягніку. Стома робіць непажаданым любы рух і ўжо за прыпынкі тры да патрэбнага зьяўляецца шкадаваньне, што давядзецца ўголас прасіць кіроўцу спыніцца. Пазяхаючы са сьціснутымі сківіцамі, каб не падымаць руку прыкрыць рот, спадзяюся, што нехта яшчэ зьбярэцца выходзіць на гэтым прыпынку, і пазбавіць мяне неабходнасьці псаваць такое добрае, арганічнае і цалкавіта дабраахвотнае маўчаньне. У салоне амаль пуста. (фрагмент)