- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вялікі сын Беларусі. Францыск Скарына. Выдатны гуманіст і асветнік, мысляр і вучоны-экцыклапедыст, усходнеславянскі першадрукар, самабытны мастак-графік, таленавіты пісьменнік, паэт і перакладчык, высакародны грамадзянін і патрыёт — усё гэта цалкам справядлівыя характарыстыкі, якімі пашаноўваецца сярод людзей дасведчаных наш зямляк, беларус са слаўнага горада Полацка Францыск, або Францішак, Скарына. 500-я ўгодкі яго нараджэння, якія мы разам з многімі добрымі людзьмі адзначаем, выпалі на час вельмі незвычайны, на час, які ў пэўных вымярэннях супадае або адчувальна перагукваецца з ягоным часам. Яго, Скарынаўская, эпоха ў гісторыі чалавечай цывілізацыі называецца эпохай Адраджэння. Сёння гэтае слова зноў стала адным з самых назыўных — прынамсі, у дачыненні да многіх народаў свету, у тым ліку і да нас, беларусаў. Што ж гэта быў за час, які належаў яму, Скарыне, час, за межы якога ён ступіў у вечнасць, час, які на землях усходняга славянства ўвасобіўся ў ім, у яго справах і дзеях найболын прыгожа, найбольш поўна і ярка? (Вялікі сын Беларусі. Францыск Скарына, фрагмэнт)