Жаночая выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм» выдала кнігі беларускіх паэтак
2023-03-12 20:22
Тры кніжкі беларускіх паэтак, якія пачыналі ў 1920-х, выдала жаночая выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм».
«Сонца» выйшла!
Да гэтага мы рухаліся нават не месяцы, а гады. Вашай увазе тры новыя кнігі: «Да новага заўтра» Зінаіды Бандарынай, «Неба мнагавокае» Наталлі Вішнеўскай і «Сонца» Яўгеніі Пфляўмбаўм.
Збор выбраных твораў трох беларускіх паэтак, паплечніц, якія дэбютавалі ў 1926 г. сумеснай кнігай «Вершы» — вынік шматгадовай руплівай працы нашых даследчыкаў літаратуры.
Над укладаннем кніг працавалі кандыдаты філалагічных навук Аксана Данільчык (Бандарына, Пфляўмбаўм) і Віктар Жыбуль (Вішнеўская). У грунтоўна падрыхтаваных выданнях Зінаіды Бандарынай і Яўгеніі Пфляўмбаўм вы знойдзеце выбраную паэзію аўтарак. Аснову кнігі Наталлі Вішнеўскай склаў яе багаты эпісталярый, таксама пададзеная паэтычная і інш. спадчына паэткі. У кожнай з кніг ёсць уступнае слова з біяграфічнымі звесткамі, каментары і дадатак з фатаздымкамі і некаторымі дакументамі. Многія з іх ніколі не друкаваліся і да сённяшняга дня не былі знаёмыя шырокаму чытацкаму колу. <...>
Над вокладкамі — партрэтамі аўтарак, шрыфтамі назваў, натхнёнымі беларускім кніжным і часопісным дызайнам 1920-х, і афармленнем шмуцтытулаў працаваў мастак Сяргей Шабохін. Вёрстка Юліі Глоба, карэктура Святланы Богуш», — напісана на старонцы выдавецкай ініцыятывы.