Жыхары Ліды падтрымалі ланцуг салідарнасці
2020-06-22 15:01
Каля 500 лідзян выйшлі на праспект Перамогі ў сваім горадзе і ўтварылі больш чым паўкіламетровы ланцуг салідарнасці.
Такім чынам жыхары Ліды падтрымалі агульнарэспубліканскую ініцыятыву, да якой далучыліся многія беларускія гарады. Тых, хто стаяў у ланцугу альбо прагульваўся ўздоўж яго, вельмі актыўна падтрымлівалі і аўтамабілісты, увесь час падтрымліваючы адно аднаго сігналамі сваіх аўто, за што пешаходы ім дзякавалі апладысментамі.
Гаворыць адна з удзельніц акцыі салідарнасці:
– Прышлі сюды ў знак салідарнасці з людзьмі, якіх затрымалі, з Ціханоўскім, Бабарыкам, і супраць таго бязмежжа, якое адбываецца ў нашай краіне. То бок тое, што ў нас адбываецца, – гэта край. Я лічу, што кожны павінен прыйсці на якую-небудзь акцыю, таму што нельга так. Хочацца ўжо сапраўды «людзьмі звацца». Таму што так, як мы жывём, мы не павінны жыць. Мы – годныя людзі, мы – працавітыя людзі, мы – народ, а не «народзец». А хацелася б яшчэ стаць нацыяй, не толькі народам, праўда беларускай нацыяй.
Ланцуг салідарнасці ў Лідзе працягваўся 3 гадзіны. Пасля яго заканчэння людзі спакойна разышліся. Затрыманняў падчас акцыі, як гэта было ў іншых гарадах, заўважана не было.
Беларускае Радыё Рацыя