Жыхары Віцебска нясуць кветкі Васілю Быкаву
2020-06-19 21:59
Сёння, 19 чэрвеня, у класіка беларускай літаратуры дзень нараджэння, і з Віцебскам імя Васіля Быкава непарыўна звязана.
У юнацтве ён вучыўся ў віцебскім мастацкім тэхнікуме. У памяць пра гэта на будынку, дзе мясцілася навучальная ўстанова, усталявана мемарыяльная дошка.
Да яе па шматгадовай завядзёнцы прыхільнікі таленту Васіля Быкава прыносяць кветкі, кажа паэтка Людміла Сіманёнак:
– Вельмі прыемна, што ў Віцебску ёсць людзі, якія не забыліся, што ў Васіля Уладзіміравіча сёння дзень народзінаў. І калі я прынесла сваю кветку, то заўважыла тут і яго любімыя васількі, і бел-чырвона-белую стужачку, і сонечныя рамонкі.
Звычайна на ўгодкі пісьменніка-земляка ў Віцебску ладзяць імпрэзы ў бібліятэках, культурніцкіх і грамадскіх установах. Сёлета адсвяткаваць звыклым чынам не атрымліваецца: масавыя імпрэзы не праводзяцца праз пагрозу распаўсюду каронавірусу. Але віцябляне йдуць да Васіля Быкава і без усялякіх арганізацыйных захадаў – на знак памяці і павагі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск