- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Што такое малітва? Сілкаваньне і адпачынак неабходныя чалавеку для падтрыманьня яго фізычнага жыцьця. Веданьне, мастацтва і, наогул, культура узбагачаюць душэўныя якасьці чалавека. Малітва жа адчыняе ў чалавеку духоўны, вышэйшы бок яго істоты. Бог любіць Сваё тварэньне, любіць кожнага з нас, Ён ёсьць наш нябесны Айцец. Як дзецям уласьціва жаданьне бачыць сваіх бацькоў і гутарыць з імі, так і нам павінна быць уласьціва радасьць гутарыць з Богам і духоўна мець зносіны з Ім. Поўная глыбокай пашаны гутарка чалавека з Богам завецца малітвай. Душа, злучаючыся ў малітве з Богам, адначасова злучаецца і з духоўным сьветам анёлаў і праведнікаў. Па словах св. Яна Кранштацкага, “малітва ёсьць залатая сувязь чалавека-хрысьціяніна, вандроўніка і прышэльца на зямлі, з сьветам духоўным, якога ён сябра, і больш усяго з Богам - крыніцай жыцьця.” Малітва часта суправаджаецца поўнымі глыбокай пашаны словамі і іншымі зьнешнімі знакамі глыбокай павагі: крыжавым знакам, кленчаньнем, паклонамі і іншымі знакамі богашанаваньня. Але малітва можа быць узнасіма і без слоў, і без іншых зьнешніх праяў. Гэта - унутраная або паглыбленая малітва, якая знаёмая па уласным досьведзе шматлікім практыкуючым хрысьціянам.