- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Рэвізію Полацкага ваяводства 1552 года поўным правам можна залічыць да гістарычных помнікаў, якія належным чынам яшчэ не ацэненыя нашай навукай. Спасылкі на Полацкую рэвізію мы сустракаем не так часта нават у спецыяльнай літаратуры, прысвечанай гісторыі Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага XVI стагоддзя. Цяжка сказаць, што стала таму прычынай. Магчыма, справа ў тым, што рэвізію звычайна разглядаюць як крыніцу па сацыяльнай і эканамічнай гісторыі. Можа быць, прычынай таму стаў яе рэгіянальны характар. Аднак у рэчаіснасці значэнне Полацкай рэвізіі зусім не абмяжоўваецца пытаннямі гаспадарчага жыцця і сацыяльнай структуры насельніцтва. Тое самае можна сказаць і пра рэгіянальны характар апісання — нягледзячы на тое, што галоўным аб’ектам увагі рэвізораў было, безумоўна, Полацкае ваяводства, мы знаходзім у рэвізіі даволі шмат звестак па гісторыі іншых зямель Вялікага Княства Літоўскага. Ёсць тут і матэрыялы, якія датычацца суседніх дзяржаў. Перш чым пачаць гаворку непасрэдна пра рэвізію, варта некалькі слоў сказаць пра эпоху і ўмовы, у якіх яна была створаная.