Аб’яўлены шорт-ліст «Глінянага Вялеса-2025» — прэміі Таварыства вольных літаратараў
2026-02-03 13:12
Сталі вядомыя фіналісты літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2025 год. «Шорт-ліст „Вялеса-2026“ сабраў практычна ўсе асноўныя жанры літаратуры», — прадставіў абраныя творы пісьменнік і старшыня аргкамітэта ўзнагароды Алесь Аркуш.
Так, у спіс трапілі:
Зміцер Вішнёў «Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер», раман (Skaryna Press, Лондан)
Аляксандр Карнаух «Халодныя землі», раман (Gutenberg Publisher, Кракаў)
Сяргей Кавалёў «Камедыя Юдзіфі», п’есы (Камунікат, Беласток)
Ганна Кандрацюк «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» (Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку)
Ванда Марцінш душ Рэйш «Таямніцы высокага двара», двухмоўная беларуска-літоўская кніга вершаў (Slinktys, Вільня)
Сяргей Сыс «Пералёт трава», нясумная кніга беларускага выгнанца. (Логвінаў, Вільня)
Юля Цімафеева «Рэжу гісторыю сабой. Ich zerschneide die Geschichte», двухмоўны беларуска-нямецкі зборнік, калажы і вершы (Edition Frölich, Берлін)
Макс Шчур «Чайны збор», выбраная постпаэзія (SayBeat, Варшава)
«Чарговы раз у шорт-ліст літаратуранай прэміі
„Гліняны Вялес“ трапілі кнігі, выдадзеныя выключна ў замежжы, — пракаментаваў шорт-ліст
Алесь Аркуш. — Але ўпершыню сярод намінантаў на ўзнагароду ёсць кнігі, якія выдалі замежныя, не беларускія, выдавецтвы — гэта двухмоўны беларуска-літоўскі зборнік вершаў
Ванды Марцінш душ Рэйш „Таямніцы высокага двара“, які выйшаў у літоўскім выдавецтве Slinktys; і зноў-такі двухмоўны, беларуска-нямецкі, зборнік вершаў Юліі Цімафеевай „Рэжу гісторыю сабой. Ich zerschneide die Geschichte“, які выдала берлінскае выдавецтва Edition Frölich».
Літаратар падкрэсліў, што сёлета спіс фіналістаў сабраў пракрытычна ўсе асноўныя жанры літаратуры: «два раманы, адзін зборнік апавяданняў, адна кніга п’ес, адна рэпарцёрская і адна эсэістычная кніга; а таксама тры кнігі паэзіі».
Прэмія «Гліняны Вялес» была заснаваная ў 1993 годзе сябрамі Таварыства вольных літаратараў. Прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду— гліняны стод апекуна мастацтва. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.