Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў выпусціў анталогію класічнай беларускай турэмнай паэзіі «Вершы на волю». Укладальнікам выступіў літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч. Першы продаж кнігі адбудзецца сёння на фестывалі «Тутака» на Падляшшы.
Кніга
«Вершы на волю» сабрала паэтычныя творы, напісаныя ва ўмовах турэмнага зняволення, катаргі, лагеру, высылкі, чакання рэабілітацыі і перагляду крымінальных спраў. Храналагічна тэксты абымаюць амаль больш як 100-гадовы перыяд неперарыўнай традыцыі і вымушанага развіцця беларускай турэмнай паэзіі: ад філамацкіх 1820-х, калі ў Вільні былі зняволеныя Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан — аж да гулагаўскай лірыкі асуджаных неўзабаве пасля заканчэння ІІ сусветнай вайны. Кастусь Каліноўскі, Якуб Колас, Алесь Гарун, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Ганна Новік і
Ларыса Геніюш, Уладзімір Дудзіцкі, Валянцін Таўлай і Максім Танк, — усяго анталогія змяшчае тэксты 35 аўтараў, напісаныя в ўмовах пазбаўлення волі.
Вершы, змешчаныя ў кнізе, адлюстроўваюць эмацыйны стан палітзняволеных паэтаў, іх мары і чаканні, жыццёвыя прынцыпы, але найперш — унутраную свабоду, якой вельмі часта бракавала тым пісьменнікам, якія знаходзіліся па іншы бок закратаванага акна.
Кнігу можна набыць
11–13 ліпеня ва ўрочышчы Барык непадалёк Гарадка падчас фестывалю
TUTAKA. А таксама праз інтэрнэт-краму
Kamunikat. shop.
Bellit. info публікуе слова ад укладальніка анталогіі.
Гаворачы пра літаратуру, апрыёры разумееш яе прастору як свабодную, тую, дзе прамаўляецца вольнае слова да людзей, якія, хаця б да нейкай ступені, гатовыя яго прыняць. З другога боку, кожны дасьледчык літаратуры ведае, што, бадай, не было ніводнага пэрыяду ў ніводным стагодзьдзі, калі літаратура (і паэзія ў прыватнасьці) адчувала сябе цалкам свабоднай. Як быццам бы гэтая прастора проста прызначаная для таго, каб яе абмяжоўвалі тым ці іншым чынам — унутрана і вонкава. Пры дапамозе нарматыўных дакумэнтаў, уяўленьняў, плётак, цэнзараў, інсынуацый, стэрэатыпаў, урэшце рэшт — фізічна — у выглядзе турэмных кратаў, катаваньняў, і, як мы добра ведаем з гісторыі, расстрэлаў. Можна сказаць, што недзе на падсьвядомым узроўні кожны беларускі літаратар, падступаючы да чыстага аркушу, баіцца ня столькі самой гэтай белай паперыны, колькі ўласна літаратуры, за якой цягнецца даўжэзны шлейф праблемаў, траўмаў, зь якімі ў даволі складаным і без таго жыцьці ня кожны нармальны чалавек захоча сутыкацца.
Такім чынам, ствараючы выбарку вершаў, напісаных у турэмным зьняволеньні альбо на выгнаньні, у высылцы ці ў лягерах, ты, вядома, дзеліш вершы агулам на ўмоўна свабодныя і несвабодныя, створаныя на вольным паветры пад адкрытым небам альбо пад небам у кратачкі. Аднак перачытваючы «вершы, дасланыя на волю», часам ловіш сябе на думцы, што гэта ці не найлепшае, што было ў той час напісана на беларускай мове ў беларускай паэзіі. Што гэта, магчыма, і ёсць свабодная лірыка наогул. І называць яе турэмнай неяк нават і не выпадае. Гэта як бы крыўдзіць аўтараў. Крыўдзіць, уласна кажучы, самую прыроду гэтых тэкстаў.
Традыцыя такога дастаткова трагічнага дуалізму сыходзіць у далёкую і непраглядную старажытнасьць. Кожны выкладчык замежнай літаратуры назаве добрай даўжыні сьпіс агульнавядомых тэкстаў, дзе аўтарамі будуць і Авідый, і Сэрвантэс, і рознага кшталту ўтапісты, філёзафы, багасловы, паэты і празаікі. Разам з тым, гэтая традыцыя (у тым, што прынята называць «эўрапэйскай» альбо «сусьветнай літаратурай»), становіцца не такой інтэнсыўнай чым больш мы набліжаемся да новага часу, балазе — да ХІХ і ХХ стагодзьдзяў.
Парадаксальна, але ў выпадку беларускай літаратуры адбываюцца цалкам адваротныя працэсы. Бо, калі мы адкрываем падручнік (хутчэй, уяўны, чым сапраўдны), па гісторыі нашай літаратуры, то бачым, як разьдзел за разьдзелам у ім зьяўляюцца акурат людзі, якія зазналі не адзін год зьняволеньня, а то і былі ў ім пахаваныя і як аўтары і як уласьнікі фізычных целаў. Найбольшай інтэнсыўнасьці гэта дасягае ў сумнавядомую восень 1937 года. На жаль, вельмі моцна актывізуецца турэмная літаратура і ў нашы дні: пішуцца новыя «вершы на волю», як і проза, дзённікі, нават літаратуразнаўчыя дасьледаваньні.
Такім чынам, клясыфікацыя і пэрыядызацыя, можна сказаць, не перарываюцца, а толькі дапаўняюцца. Бо й традыцыя турэмнай літаратуры неперарыўная, яна ідзе рука аб руку з традыцыяй літаратуры свабоднай. Фактычна, паэзія турмы, — інтэгральная частка нашага ХІХ і першай паловы ХХ стагодзьдзя, што ўкладальнік акурат і збіраўся тут, у гэтай кнізе, паказаць. Тое, што яна доўжыцца ў ХХІ-м, пазначае нашу сучаснасьць новым пунктам у сьпісе эпохаў, калі беларускім паэтам даводзілася адваёўваць сваю ўнутраную і вонкавую свабоду.
Зьмяняюцца толькі імёны, дакладней — прозьвішчы ці псэўданімы. Выхопліваюцца пэрыяды, якія, вядома, супадаюць з пэрыядамі гістарычных віхураў, але выхапам мы не вырываем гэтыя словы з кантэксту, не ператвараем час на гульню ў мэтафару. Вершы ўкарэненыя ў часе, але яны зь ім не гуляюць у гульні. Зь зьняволеньня чалавек піша штосьці надзвычайна важнае. Часта гэта ў нейкім сэнсе збор перадсьмяротных запісак, можна, на жаль, увесьці ў гісторыю нашай паэзіі і такі жанр. Даволі ўмоўна пэрыядызацыя гэтых вершаў можа быць праведзеная паводле грамадска-палітычных крызысаў. Філамацкае зняволеньне. Паўстаньне Каліноўскага. Тэрор падчас першай рэвалюцыі ў Расійскай імпэрыі. Лукішкі. Сібір. ГУЛАГ. Гестапа.
Хіба толькі пра гэта былі напісаныя тэксты кнігі, якую трымае ў руках чытач? Як правіла, вершы — менш за ўсё публіцыстычнае выказваньне. Разам з тым, тэматычная разнастайнасьць дастаткова абмежаваная, бо, замест усёй неабдымнасьці эмацыянальных уражаньняў, паэты менавіта што абмежаваныя — сьценамі, размовамі зь вязьнямі, уціскам турэмных служак, настальгіяй, допытамі, судамі, этапамі, лістамі, разьвітаньнем. Вечным разьвітаньнем і спадзяваньнем на лепшае — ці то спакойным, ці то жарсным.
Чытаючы гэтыя тэксты, бачыш, як адна і тая ж тэма разьвіваецца ў стылі эпохі, як яна памнажаецца ў варыяцыях, хоць і мае пэўны лейтматыў, фальшывую ноту несвабоды, выкрасаную з камэртона прадстаўніком улады. Тэма астрогу, турмы, вязьніцы, муроў, камэры (як шмат нават тут сынонімаў!) пераходзіць з рамантызму ў рэалізм, з гавэнды-гутаркі ў народную песьню, пераплывае ад аднаго берага на іншы, з віленскай турмы Пілсудзкага да менскай турмы Сталіна. Бачыш, нягледзячы на агульнасьць тэмы, і рознасьць рэжымаў; як бы ні хацелася ўраўноўваць рэжымны ўціск, турэмная паэзія палітзьняволеных Лукішскай турмы захавалася ў добрым аб’ёме, чаго ня скажаш пра «Амэрыканку». Ад Міхася Чарота данеслася некалькі выдрапаных на сьцяне радкоў. Цудам захаваліся лягерныя вершы Геніюш. Але большасьць гэтых тэкстаў зьнікла, разам з аўтарамі, у крывавым канвееры савецкіх 1930-х і ў гулагаўскіх ледзяных бараках. У той жа час бачыш, наколькі свабодна пішуць на Лукішках і наколькі розныя тэмпэрамэнты выяўляюцца там, дзе выходзяць турэмныя часопісы і газэты, дзе адбываеца свабодны абмен цыдулкамі. І наадварот, наколькі трагічным становіцца верш, які прарываецца з сталінскай ці гітлераўскай турмы.
Безумоўна, можна было б менавіта на варыяцыях асноўнай тэмы і спыніцца дзеля чысьціні экспэрымэнту. Вось толькі ў наш час хочацца акурат быць як мага далей ад усіх такіх «чысьціняў» і адзіна правільных канцэпцыяў, дапускаць іншасьць, паказваць розныя бакі, у тым ліку і зусім нечаканыя, нават цяпер і зусім забытыя. Друкаваць тэксты, якія з пункту гледжаньня тонкага густу не надта адпавядаюць запатрабаваньням. Публікаваць ня толькі «гэнэралаў», але і шарагоўцаў. Ёсьць у кнізе тэксты і на рускай мове. На жаль, не ва ўсіх выпадках я магу сказаць з поўнай дакладнасьцю, што верш выконвае вымогі тэмы «напісана ў турме ці высылцы». Далёка не паўсюль знойдзеш датыроўкі, рукапісы. Што казаць, нават патрэбныя кнігі, ва ўмовах калі сам укладальнік знаходзіцца вельмі далёка ад умоўных «нацыяналкі» ці «бдамлм», не заўсёды даступныя.
Але, бадай, такую сабе панараму напісанага нашымі паэтамі ва ўмовах несвабоды мне ўсё ж удалося стварыць, нават пры зразумелай цяжкадаступнасьці крыніц. Мяне цешыць думка, што няёмкая маўклівасьць, якою ахутаная турэмная тэма ў беларускім літаратуразнаўстве, дадзенай кнігай істотна парушаецца. Яшчэ больш я рады за аўтараў, чые грыпсы, цыдулкі, рукапісы, адноўленыя па памяці запісы — не згарэлі, а дайшлі да чытача. А ім было гэта вельмі важна. Спадзяюся, важным іхні досьвед будзе і для чытача 2020-х гадоў.
Ціхан Чарнякевіч