Ад вершаў для самых маленькіх перад сном да «беларускай мангі» для падлеткаў. Што чытаць дзецям на роднай мове
2026-02-22 16:41
«Асноўная праблема з беларускай дзіцячай літаратурай — мы самі не да канца ведаем, што ў нас ёсць», — кажа паэт Андрэй Хадановіч. Да Дня роднай мовы «Белсат» папрасіў паэта, перакладчыка і бацьку падзяліцца парадамі, што чытаць дзецям па-беларуску.
Самыя маленькія слухачы (да 6 год)
Паэт
Алег Мінкін задумаў трохтомнік «Добрыя вершы», сабраўшы найлепшыя беларускія творы для дзетак. На жаль, ён на сёння паспеў зрабіць толькі вялікі том пра жывёлаў «Побач з намі на зямлі», але ўсё ж гэты том ёсць. У ім шмат чаго цікавага я знайшоў, чытаючы дачцэ перад сном. Ужо класіка, мем нашай сям’ї, калі мама забягае ў пакой, а там у сваім ложку дачка скача аж да столі, а пабач тата — таксама скача, бо чытаецца такое:
Пераходзіць
Бусел брод.
Дзюба ўгору ўзведзена —
Гэта едзе бутэрброд
З жабкамі ўсярэдзіне
На вячэру буслянятам.
Добра быць
З цыбатым татам!
Маленькім хлопчыкам і дзяўчаткам можна чытаць любую дзіцячую кніжку
Рыгора Барадуліна, напрыклад, «Выпаў грук у грома з рук». Таксама бясспрэчны класік дзіцячай літаратуры Артур Вольскі, сярэдні з трох культурных дзеячаў Вольскіх (сын Віталя Вольскага і бацька Лявона Вольскага), — акрамя ўсяго іншага, бліскучы дзіцячы паэт. Ягоныя вершы я б раіў бацькам чытаць сваім дзеткам.
Маці чытае кніжку дачцэ. Здымак носіць ілюстратыўны характар. Фота: Andrea Piacquadio, pexels.com
Колькі год таму з’явілася кніга вершаў
Веры Бурлак «Фантазюркі». За яе аўтарка атрымала Прэмію Цёткі. Такіх вершаў — разняволена-іранічных — крышачку бракавала нашай занадта сур’ёзнай дзіцячай літаратуры. А тут цэлы каскад жартаўлівых эксперыментаў, у найлепшых традыцыях Данііла Хармса. Працытую верш «Без святла», а вы мяркуйце самі:
На лініі недзе аварыя,
Таму сядзім без святла.
Не бачу, дзе мая мама:
Напэўна, кудысьці сышла.
Сусед наш — прафесар стары —
Шукае свае акуляры.
Навошта яму акуляры?
Шукаў бы лепш ліхтары!
Усе на ўсё натыркаюцца.
Усе аб усё спатыкаюцца.
І потым з падлогі
Чуваць дыялогі:
— Што гэта?
— Ногі.
— А гэта?
— Таксама ногі.
— Твае?
— Не мае.
— А чые?
— Нічые.
— А можа, мы васьміногі?
А я, раз такое здарэнне,
Сцягнуў у бабулі варэнне,
Ды дзіўнае вельмі на смак.
І пахне неяк не так.
Што ў слоіку тым было?
Хутчэй бы далі святло!
Для зусім маленькіх хлопчыкаў і дзяўчатак пачаў пісаць кароткія казкі добра вядомы нам Маляваныч — Аляксандр Ждановіч. Яго «кніжкі-малышкі» ў выдавецтве «Славянка» выходзяць адна за адной.
Другі прыклад — Андрэй Скурко, вядомы нам як публіцыст, калі патрапіў у турму, пісаў для свайго маленькага сына Тамашыка. Так нарадзіліся першыя гарэзлівыя вершы, першыя пераклады. Вось, напрыклад, класіка ад Карнея Чукоўскага «Добрый доктор Айболит» — «Добры доктар Будзьдароў». Глядзіце, які пазітыўны сам падыход: класік рускай літаратуры пазначае праблему праз негатыўную зʼяву «ай, баліць», якой хочацца пазбавіцца. А тут «будзь здароў» закладзенае ў назве — вельмі смела, адважна як на пераклад, і дужа пазітыўна!
Андрэй цяпер працягвае пісаць, выходзіць кніжка за кніжкай: «Стукі грукі, што за звукі», ці «Хто жыве ў гаражы», ці «Як завесці дыназаўра» — гэта я ўзгадаў некалькі апошніх кнігаў. Андрэй — яскравая падзея дзіцячай літаратуры. Дарэчы, што тычыцца перакладу расейскай літарутуры, мне здаецца, векавая нашая праблема была ў тым, што яна была бліжэйшая, чым любая іншая замежная літаратура, а цяпер — нават бліжэйшая за сваю, беларускую.
І тут пераклад, я б сказаў, абсалютна парадаксальную функцыю выконвае: калі ў прынцыпе ён мусіць збліжаць мовы і культуры, то беларускі пераклад з расейскай павінен крышачку нашыя культуры аддаляць. Адсоўваць, ставіць расейскую літаратуру на тую ж дыстанцыю, на якой знаходзяцца нашыя іншыя бліжэйшыя суседзі.
Малодшыя школьнікі (7–11 год)
З беларускіх класікаў мне згадваецца пісьменніца, якая шмат напісала для дзяцей, — Алена Васілевіч і яе аўтабіяграфічная проза «Расці, Ганька». Я на гэтым рос і, хоць я ніякая не Ганька і не вясковая дзяўчынка, а гарадскі хлапчук, мне падабалася цеплыня, далікатнасць галоўнай гераіні, я вельмі ёй спачуваў. Некалі ў дзяцінстве вельмі добра зайшлі аповесці «Навасёлы» і «Прыгоды бульбобаў» Паўла Місько.
З новай літаратуры згадаю дзіцячую кнігу, якая напісаная ў эміграцыі і таксама дзеліцца дабрынёй, — «Мора ў горадзе» Эльгі Паповай. Ад першай да апошняй старонкі гарэзлівая, гульнёвая, іранічная, перакульвае свет з ног на галаву. Мора, якое не хацела развітвацца з дзіцём, перасяляецца ў ягонае вядзёрка, трапляе да яго дамоў, селіцца далёка ад вялікай вады, у ванне. І тут паўстаюць абсурдныя, забаўныя праблемы, пытанні: ці заўсёды свабода — гэта добра, ці свет мусіць мець правілы, паводле якіх існуе?
Наступныя дзве кнігі — яны ўжо зусім для гарэзнікаў. Першая —
Сяргея Прылуцкага, беларускага паэта, што жыве ва Украіне, называецца «Далоў дарослых», другая —
Марыі Мартысевіч «Як пазбыцца маматута». Маматут — гэта такая зʼява, калі дзіцёнак заўсёды пад кантролем. Яны абедзве хуліганскія і бліжэйшыя вальналюбным дзеткам — нудна ж заўсёды быць занадта правільным, праўда?
Яшчэ хачу ўзгадаць некалькі кніг, на якіх мы ўсе выхоўваліся, бо гэта сусветная класіка, — а цяпер ёсць бліскучыя пераклады і ў эмігранцкіх кнігарнях, і непасрэдна ў Беларусі. Гэта «Чарадзей з краіны Оз» Фрэнка Баўма, файна перакладзены Сяржам Мядзведзевым. Таксама класна ілюстраваная, нядаўна выдадзеная ў перакладзе Уладзя Лянкевіча — казка Джэймса Бары «Пітэр Пэн». Дарэчы, бацькі маглі б, чытаючы, радавацца таксама, бо гэта такія кніжкі з падвойным дном для дарослых.
Наогул нашая класічная літаратура занадта павучальная: вось тут гісторыя, тут мараль, тут — як трэба рабіць, а як не. А сучасная літаратура — усё-такі пра свабоду, якая даецца дзіцяці; яна без зададзенай іерархіі «разумных дарослых і слухмяных дзетак». Гэта спробы нейкіх амаль раўнапраўных адносінаў. У гэтым плане шведская літаратура нам шмат чаго дае. У нас ёсць «Карлсан», нават у двух розных перакладах — Лявона Баршеўскага і Алесі Башарымавай. Зʼявілася «Піпі Доўгаяпанчоха» ў перакладзе Дзмітрыя Плакса; серыя «Мама Му» Юі Вісландэр у перакладах Надзі Кандрусевіч. І, безумоўна, «Пэтсан і Фіндус» Свена Нурдквіста, таксама любімая беларускімі дзеткамі, выдатна самім аўтарам ілюстраваная серыя кніг.
Нават ваш пакорны слуга, аўтар гэтых словаў, спрычыніўся да перакладання геніяльнай шведскай літературы — можна сказаць, педагагічнай паэмы Гунілы Бэргстрэм «Суперкніга пра Біла з Болаю» (Біл — разумны, а Бола — весёлая).
Гэта спроба пісаць пра непростае, пра раней забароненае — скандынаўскія літаратары пашыраюць тэмы і не баяцца з дзецьмі размаўляць, напрыклад, пра смерць.
Аўтарка на падставе сваёй сямейнай біяграфіі — сваёй дачкі з асаблівасцямі развіцця — стварыла гісторыю пра старэйшага брата і асаблівую маленькую сястрычку, іх бацькоў і сітуацыі, як яны разам даюць рады вялікім праблемам, якія нібыта мусілі б прыносіць слёзы, роспач і адчай. А яны ў нейкім сяброўстве, даверы, партнёрстве знаходзяць узаемную падтрымку і адкрываюць радасць і аптымізм там, дзе, здавалася б, на першы позірк, толькі безнадзейнасць, дзе ўсё песімістычна і прыгнятальна. Гэта кніга, якая ў наш няпросты, цемнаваты час можа псіхалагічна падтрымаць. Урэшце, мы самі будуем сабе свята, ніхто нас не суцешыць, калі мы самі з сябе не выдабудзем святло.
Чым можна зацікавіць падлеткаў (12-16 год)
Вельмі добры учынак, а не толькі літаратурны тэкст, зрабіў як творца Альгерд Бахарэвіч, напісаўшы падлеткавую кніжку «Капітан Лятучая Рыба». Гэта гісторыя пра дзяўчынку Алесю, якая жыве ў заходнім прыморскім горадзе. Тут і тэма выгнання, і тэма зняволення. Прачытваецца, што бацькі Алесі апынуліся за кратамі, а яна жыве са сваякамі ў эміграцыі, дапамагае ім у працы, размаўляе з морам, з караблямі. Яна прагна спазнае навакольны свет і бачыць у гэтым сваім лёсе не выгнанне, а нейкую вялікую сусветную прыгоду. Дзяўчынка сутыкаецца з незвычайнымі сябрамі — жывымі Файкай, Валізкай і Палітонам — і разам з імі яна падарожнічае, выконваючы таемную місію.
І мы вандруем з імі з краіны ў краіну, назіраем змаганне дабра і зла — і гэтае зло мае падазрона знаёмыя нам палітычныя абрысы, і дабро — тое самае, пра якое мы ўсе марым ужо каторы год. Вельмі гэтую кніжку раю.
А ёсць аўтарка — яна піша пад псеўданімам Ева Вайтоуская — якая, крыстаючыся ўзорам усходняй мангі, па аналогіі перанесла яе на беларускай матэрыял. Ева стварыла вобраз школьніцы Соні Сінічкі, піша пра яе сяброўства, праблемы ў школе, пра яе першае каханне, радасці і расчараванні. Ёсць 2 кніжкі: Соня, якая сканчвае школу, і Соня, якая пачынае сваё студэнцкае жыццё. Думаю, падлеткі, ды нават і дарослыя не адарвуцца ад гэтай гісторыі.
Ну, і класічнага Янку Маўра ніхто не адмяняў, І вельмі добра, што ў выдавецтве «Папуры» зʼявілася яскравае перавыданне «Палескіх рабінзонаў». Таму што класіку трэба выдаваць, па-новаму ілюструючы, набліжаючы да сучаснага чытача ці чытачкі.
Сёння чытачам ёсць на што арыентавацца, бо зʼявіліся незалежная ўзнагарода за дзіцячую літаратуру. Калі не ведаеш, што добрага выйшла, можаш пагугліць вынікі Прэміі Цёткі, якая ўжо некалькі год уручаецца за найлепшую кнігу для дзяцей (і за найлепшыя ілюстрацыі). Гэта можа быць паэзія, проза, можа быць штосьці эсэістычнае, пазнавальнае — напрыклад, неяк перамагала дзіцячая кніга Уладзіміра Арлова па беларускай гісторыі. Альбо перамагалі кнігі Валера Гапеева, які, як на мяне, файна піша для падлеткаў. Нядаўняя яго вельмі добрая праца — цыкл «Вольнеры». Кнігі, створаныя з любоўю да Беларусі, да беларускай міфалогіі, якая як бы ажывае і пранікае ў сучаснае жыццё.
Аляксандра Чырвоная