be

Бароўскі Анатоль

Бароўскі Анатоль

Нарадзіўся 12 траўня 1942 года ў вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка. Але маці сказала, што я нарадзіўся годам пазней, – баяліся пытанняў ад строгіх уладаў: чаму я гэта нарадзіўся пасярод вайны? Так што сапраўдны мой год нараджэння 1943 год.

Бацька – Мікола Сямёнавіч – вучыў дзяцей расейскай мове. Маці – Ганна Іванаўна – працавала па хатняй гаспадарцы, выхоўвала дваіх дзяцей: мяне і брата майго Міколу. Чамусьці бацьку перакідвалі з адной школы ў другую – то беларуская яна была, то расейская. Гэта наклала нейкі адмоўны адбітак на маю вучобу. Не давалася мне хімія і алгебра, фізіка і матэматыка. Ці настаўнікі былі не педагогамі, ці я сам не мог зразумець той навукі. Але калі мяне прасілі напісаць складана-залежны сказ на дошцы (на роднай мове ці расейскай), то і месца не хапіла на дошцы. Здаралася, што пісаў знарок з памылкамі, але настаўнікі іх не бачылі, значыць, і самі не ведалі дасканала свайго прадмета…

Вучыўся ў розных школах Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Сярэднюю школу скончыў у вёсцы Асавец (1960) Мазырскага раёна. Працаваў нейкі час у калгасе, потым на Мазырскім заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў непадалёк ад сваёй вёскі – у Турбінцы.

У 1961 годзе паступіў вучыцца ў Мазырскі педінстытут. Правучыўся да сакавіка 1962 года і позва ваенкамата паклікала ў войска. З 1962 па 1964 год служыў у Групе Савецкіх войскаў у Нямеччыне. Вярнуўся ў Мазыр, працягваў вучыцца завочна і працаваў у Мазырскай газеце “Камуніст Палесся”. Працаваў інструктарам райкама партыі, – так што пра жыццё гэтай арга-нізацыі вядома не з вуснаў іншых, а сам варыўся ў той чорнай смале хлусні і падману і, як літаратар, расказваў пра тое ў сваіх творах.

У 1968 годзе зноў паклікалі, пад прымусам ужо, служыць у войска – афіцэрам, лейтэнантам, так званым “двухгадавіком”, на працягу двух гадоў – у Полацку. Лічыць другім “чорным перыядам” свайго жыцця – пасля працы ў гаркаме. Служыў начальнікам клуба без клуба.

Пасля зноў вярнуўся ў Мазыр. Працаваў адказным сакратаром гарадской арганізацыі таварыства “Веды” на працягу трох гадоў. Потым перайшоў працаваць у гаркам партыі, спадзеючыся, што на гэтай працы выдзеляць жыллё. Надзеі не спраўдзіліся. Бо Малафееў і яго памагатыя сваёй адмовай ледзьве не адправілі на той свет... Не дабыўшы і года на гэтай пасадзе, перайшоў працаваць намеснікам дырэктара ПТВ геалогіі.

Працуючы ў вучылішчы, напісаў нарыс “На далёкай буравой” і даслаў у газету “Чырвоная змена”. Нарыс заняў першае месца ў конкурсе. Валодзя Касько, тадышны рэдактар, запрасіў працаваць у газету. Так, з 1975 года – уласны карэспандэнт газеты “Чырвоная змена” па Гомельскай, а пасля і па Берасцейскай абласцях. Пятнаццаць гадоў працы ў гэтай газеце адыгралі сваю дадатную ролю ў станаўленні як публіцыста, так і пісьменніка. З 1990 года – сябра Саюза пісьменнікаў СССР і БССР.

Друкавацца пачаў з 1961 года, змясціўшы першыя вершы ў раённай петрыкаўскай газеце. Падчас службы друкаваў свае апавяданні, вершы і нарысы ў газетах “Чырвоная змена” і ў газеце (ГСВГ) “Савецкая Армія”. Нарыс “Іван Нахаба” заняў другое месца ў конкурсе, які аб’явіла вайсковая газета.

У 1979 годзе надрукаваў аповесць “Тросніца” ў часопісе “Маладосць” №3. Рэдактарам тады быў слынны паэт Генадзь Бураўкін, які ўбачыў “нешта” ў прапанаванай аповесці і даў ёй “зялёнае святло”.

У 1980 годзе выйшла ў свет кніга “Надзейная змена” ў выдавецтве “Беларусь”. У гэтыя гады друкуе свае нарысы ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. За нарыс “Поле Радкевічаў” (1980) стаў лаўрэатам прэміі часопіса “Маладосць”.

Добрым словам заўсёды падтрымліваў Сцяпан Кухараў, супрацоўнік часопіса, дапамагаў у асваенні літаратурных вяршыняў. Але найбольш з усіх пісьменнікаў, якія сталі дарадцамі і сябрамі, удзячны Уладзіміру Дамашэвічу. Яго парады і вучоба сталі для будучага пісьменніка самым галоўным літаратурным універсітэтам...

У 1982 годзе аповесць “Тросніца” выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пад агульнай назвай “Знаёмства”, у якую былі ўключаныя тры аўтары.

У часопісе “Маладосць” надрукаваў у 1986 годзе (№7) аповесць “Да свайго берага”.

У суаўтарстве з А.Бачурынскім (дырэктарам Гомельскай ЦЭЦ-2) выдаў літаратурна-публіцыстычную кнігу “Цеплыня” – 1996 год.

“Чорны бусел – белы цень” – кніга публіцыстыкі пра энергетыкаў гомельшчыны, якія працавалі ў чарнобыльскай зоне, – выйшла у 1997 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” і была вылучаная на дзяржаўную прэмію імя К.Каліноўскага. Прэмію, на жаль, не атрымала.

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2002 годзе ўбачыла свет кніга фантастычна-фантасмагарычных аповесцяў і апавяданняў “Пякельны рай».

У першай кніжцы 2003 года часопіса “Маладосць” надрукаваная аповесць “Сцеражыся майго гневу” (часопісны варыянт).

У другім нумары часопіса “Полымя” 2003 года расказаў пра свой родны горад Мазыр – нарыс “Бурштынавы бераг Прыпяці”.

Выдаў кнігу вершаў “Заручуся з бліскавіцай”.

Пераклаў свой жа раман “Спакушэнне” на расійскую мову, выдаў у менскім выдавецтве “Асобны”.

“Будуем заўтрашні дзень” – кніга (2008 год) публіцыстыкі пра працоўны калектыў “Белэнергабуд”, што знаходзіцца ў Менску.

Выдаў дакументальны раман “Мы – Юніцкія” пра геніяльнага вынаходніка-беларуса Анатоля Юніцкага, акадэміка Расійскай Акадэміі навук, – нарадзіўся на Брагіншчыне Гомельскай вобласці.

Сёння выступае ў друку як празаік, публіцыст, паэт і мастак.

Быў абраны старшынёй Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Францішка Скарыны і больш за дваццаць гадоў узначальваў гэтую арганізацыю.

Сёння з’яўляецца старшынёй Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі “Гомельскае аддзяленне беларускіх пісьменнікаў” – СБП.

Бароўскі Анатоль. Выданьні

Струнный триумф Юницкого
pdf

Струнный триумф Юницкого

Документальный роман (с элементами фэнтези)
Боровский Анатоль

Он прошёл через всё – недоверие и неприятие, предательство друзей и непонимание его идей сильными мира сего; через суды и шпиономанию (власти Литвы, когда он собирался строить у них струнную дорогу, с их же разрешения, увидели в нём в 2014 году «русского шпиона», даже завели на него уголовное дело и... Болей »

Кузьня
pdf epub

Кузьня

Подступы да рамана
Бароўскі Анатоль

Галоўны герой рамана Антон Клімовіч трапляе ў XVI стагоддзе і становіцца летапісцам гетмана Вялікага Княства Літоўскага Канстанціна Астрожскага падчас Аршанскай бітвы. Аўтар стварае свет, у якім існуе некалькі рэальнасцяў. Касмічныя і падземныя падарожжы, анёлы-ахоўнікі ўдала спалучаюцца з падзеямі сучаснай... Болей »

Паўстанец духу – Рыгор Клімовіч
pdf

Паўстанец духу – Рыгор Клімовіч

Сшытак першы
Бароўскі Анатоль

Мы сядзім на беразе Сожа, моўчкі глядзім удалячынь. У небе куляюцца ці то галубы, ці то чайкі, не зразумець, і лёгкі вецер ахутвае нашыя твары. Рыгор глядзіць у засмужаную далеч, быццам хоча нешта выдзеліць з краявіду, прымружвае вочы, не адводзіць позірку ад нейкае нябачнае кропкі, уздыхае. Потым праз... Болей »

К небесам – через тернии
pdf

К небесам – через тернии

Документальный роман (с элементами фэнтези)
Боровский Анатоль

Анатолий Юницкий… Медленно, но уверенно приходит к нему всемирная слава. Он – изобретатель и инженер, учёный и конструктор. Родился в Беларуси – в деревне Крюки, что находилась в семи километрах от ЧАЭС… Нет сегодня такой местности – она исчезла, сметённая чернобыльской бурей и посыпанная пеплом, осталась... Болей »

Паўстанец духу – Рыгор Клімовіч
pdf

Паўстанец духу – Рыгор Клімовіч

Сшытак другі
Бароўскі Анатоль

Дзядзька Рыгор казаў: – Я баюся сцвярджаць, што я чалавек шчаслівы, але і не магу сказаць, што я нешчаслівы. Тут ужо з якога боку паглядзець і якім прыборам вызначаць тое шчасце. Калі Бог даў табе жыццё, адправіў у жыццёвую дарогу, ды і ў не абы якую дарогу, а поўную пакутаў і выпрабаванняў, то міжволі... Болей »

Воляй абраны
pdf

Воляй абраны

Раман
Бароўскі Анатоль

У кнізе Анатоль Бароўскі засяродзіў сваю ўвагу на каханні кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў Вікенція Канстанціна Каліноўскага і яго нарачонай, Марыі Ямант, якое яны пранеслі праз віхуры і здзекі, вытрымаўшы і перамогшы, выстаяўшы і даказаўшы, што вышэй Кахання нічога ў Сусвеце не існуе. Паралельна... Болей »

Юницкого небесные дороги
pdf

Юницкого небесные дороги

Документальный роман
Бароўскі Анатоль

Анатолий Юницкий родился в Беларуси, на Гомельщине, в деревне Крюки. До Чернобыля от неё – рукой подать. Катастрофа на АЭС смела её с лица земли, и теперь она «похоронена» в мёртвой зоне, усыпанной радионуклидами… С детства грезил космосом. Изучал труды гениального изобретателя Казимира Семеновича, белоруса... Болей »

Дамова на спакусу
epub

Дамова на спакусу

раман-фантасмагорыя
Бароўскі Анатоль

“Дамова на спакусу” – раман-фантасмагорыя. Пра тое, што побач з намі штодзённа крочыць спакуса, патойбаковыя сілы падсцерагаюць нас, калі мы “паслізнемся”, калі захочам атрымаць прывідную асалоду жыцця, спакусіцца на багацце. Пра тое, што для чалавека азначае Біблія і вера ў Бога. Як пазбегнуць спакусы... Болей »

Ахутавана
epub

Ахутавана

Аповесць
Бароўскі Анатоль

Адкуль прыйшлі да мяне гэтыя радкі, я не ведаў. Яны нарадзіліся самі, без майго жадання. Складаць іх я не збіраўся, толькі ў думках нашэптваў словы. Падумалася: а мо хто падслухаў мае радкі і паклаў іх на паперу. Але хто? Верш я знайшоў у сваім стале. Замок у мяне быў адмысловы, і ніхто не мог адамкнуць... Болей »

Апавяданні
epub

Апавяданні

Апавяданні і абразкі
Бароўскі Анатоль

Завіруха ўсчалася яшчэ з вечара… Скуголіў, шараваў свае бакі аб шурпатыя сцены хатаў вірлівы вецер, біліся адна аб адну галінкі-рукі дрэваў, гухкала нешта за сценамі, аж уздрыгвала, здаецца, хата. Гуло пагрозліва ў коміне печы, быццам нячысцікі скакалі на нарышчы, наладжваючы свае скокі, стараліся знесці... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org