- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
З усіх нашых заняткаў, з усіх рамёстваў гісторыя чалавецтва, пэўна, не ўславіла так ні адно, як уславіла паляванне. Па сутнасці — забойства. Па форме — вялікая і магутная дзея, што амалоджвае і прыводзіць у рух нашы пачуцці. Чалавек узброены, чалавек з ружжом — дужы і малады. Гэта наш продак. Ён яшчэ толькі адтуль, з дрэва ці пячоры. Свежая кроў, рухомае мяса казычуць яму ноздры. Гоняць сліну і сутаргава зводзяць страўнік. Дагані, злаві, забі, даўбешкай яго, каменнем, сякерай, стралою і куляй. I ты будзеш сыты і здаровы. Ты будзеш жыць. Тое ж самае і ў адносінах да падобнага табе. Толькі вытанчана ўжо, абгрунтавана і не так па-людаедску шчыра. Гома сапіенс — чалавек разумны, розум яго не ведае межаў. Ён дасягнуў вялікіх поспехаў у старой як свет навуцы палявання і забойства з-за вугла, чужымі рукамі, не запэцкаўшы сваіх, бяскроўна, бязбольна. Так, як толькі можа хапіць фантазіі і штукарства. Але галоўнае ў гэтай вялікай дзеі, што кіруе і напраўляе яе, застаецца нязменным. Не, зусім не вынік. Устойлівасць і амаладжэнне пачуццяў, асалода і захапленне ад маланкавага загаду сабе: ату яго, ату! Задавальненне ад уласнага спрыту і зухаватасці, азарт і напал ганчака. (фрагмент)