- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пасьля публікацыі рамана “Бунт незапатрабаванага праху” ў гвалтоўна забраным часопісе “Полымя” да мяне нечакана пачалі прыходзіць лісты ад калегаў-пісьменьнікаў. Адзін з іх ад Ніла Сымонавіча Гілевіча: а чаму б Вам, Віктар Апанасавіч, не напісаць Сказ пра аднавокую казу Цылю? У рамане ад гэтай казы ня мелася нават і рожак — толькі імя. Але прапанова Ніла Сымонавіча легла на душу. А чаму б і сапраўды не? Сёньня дасылаю Сказ “Дзеяслову”, бо надзеі давесьці яго да беларускага чытача ў даўно ўжо запланаванай выдавецтвам “Мастацкая літаратура” кніжцы няма. У выданьні яе, рамана і аповесьцяў, якія ў свой час былі надрукаваныя ў тым жа часопісе “Полымя” ў Менску, у часопісе “Дружбанародов” у Маскве, былі прыязна адзначаныя расейскай і беларускай крытыкай, адмоўлена. Са зьдзеклівай прапановай зьвярнуцца да спонсараў, папрасіць на пражыцьцё матэрыяльнай дапамогі: “похристорадничать” — пажабракаваць. На што мне сёньня застаецца толькі сказаць: адлучыць ад прафесіі, калі яна ўжо адбылася, пазбавіць голасу таго, хто з ім народжаны, нават вельмі маленькага, але па прыродзе сваёй чалавека — непадуладна нават Богу, нават перад пагрозай і тварам самой сьмерці. Бо як моўлена ня намі: яна ўсё ж круціцца і будзе круціцца. Тым больш у год свавольніцы і перасьмешніцы казы. Бо я і сам ад казы, ад казы, а не ад малпы, як некаторыя. (Ад Аўтара)