- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Такое ўражанне, што суды ў РБ заваленыя справамі аб адміністрацыйных парушэннях. Найперш - у сувязі з незарэгістраванай арганізацыяй “Малады фронт”. Не паспелі аціхнуць жарсці пасля судоў у Нясвіжы і Салігорску, якія скончыліся спагнаннем вялікіх штрафаў, як пачаўся суд у Баранавічах. Там судзілі маладафронтаўца Яраслава Грышчэню. У аўторак яму далі 930 тысяч рублёў штрафу. Але галоўныя падзеі разгарнуліся напярэдадні, калі спецназ затрымаў каля будынка суда некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку двух журналістаў. На большасць затрыманых склалі пратаколы ды выпусцілі, а вось Павел Севярынец, адзін з лідэраў маладафронтаўцаў, атрымаў штраф 620 тысяч рублёў ды яшчэ 17 сутак арышту. Яго абвінавацілі ў арганізацыі мітынгу ў падтрымку Яраслава Грышчэні каля будынка суда. Гэта першы выпадак у Беларусі, калі згодна з новым Адміністрацыйным кодэксам выносіцца гэтулькі жорсткі прысуд (раней давалі максімум 15 сутак). Але гэта не першы адміністрацыйны прысуд, вынесены за апошні час Севярынцу - маладому палітыку, які толькі нядаўна вярнуўся з “хіміі”.