en

Ваганаў Сяргей

Ваганаў Сяргей

Ваганаў Сяргей – Паэт, журналіст.

Нарадзіўся 6 кастрычніка 1941 года ў Казані, куды матуля, цяжарная мной, праз неверагодныя пакуты пачатку вайны дабралася з Мінска. Пра маё з'яўленне ў гэтым свеце, і ўвогуле пра лёс жонкі і яе дачкі, бацька, каторы адразу пайшоў на фронт, даведаўся толькі ў лістападзе. Вось урывак з ягонага ліста да матулі ад 9 лістапада 1941 года: "Милая моя страдалица! Вчера я только узнал, какое счастье выпало на мою долю. В этакое время заполучить сына – что и говорить, дело, заслуживающее пера историка и литератора... сын образца 1941 года! Шутки ли?» На гэты выраз -- «сын образца 1941 года» упершыню я натрапіў недзе на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў далёкім закутку бацькоўскага пісьмовага стала адшукаў загорнуты ў газету, акуратна перацягнуты шнурком скрутак. Гэта былі лісты бацькі з фронта матулі і матуліны – бацьке на фронт...

Ужо пасля іх сыходу з жыцця – бацькі ў 1996 годзе, матулі – у 2004-м, разбіраючы сямейны архіў, я зноў перачытаў амаль тры сотні тых лістоў. І з надзвычайнай яснасцю зразумеў, дакладней, адчуў, што мінулае не знікае, што яно літаральна жыве ўва мне сваёй вельмі істотнай часткай, выяўляе сябе ў новых падрабязнасцях, дэталях, узаемасувязях, ці то паўзабытых, ці то не меўшых дасюль аніякага для мяне значэння. З гэтага, амаль праз 70 гадоў, адкрыцця, з адчування, што мінулае не проста ўспамінаецца, а жыве са мной, ува мне, і нарадзілася жаданне ўвасобіць яго ў паэтычны цыкл «ХХ век: семейный альбом», сабраць пад ягонай вокладкай гісторыю вялікай беларуска-яўрэйскай сям'і. Сям'і, чыя гісторыя наўпрост звязаная з гісторыяй Беларусі і краіны, што знікла ў Лету, з 20-м стагоддзем, «веком-волкодавом», па Мандэльштаму, які ўгрызаецца ў горла і нашаму, 21-му стагоддзю...

Ну а калі я даведаўся са згаданага ліставання, што нейкім таямнічым, амаль містычным чынам я нарадзіўся ў казанскай кватэры, дзе жыла сям'я старэйшага брата бацькі, раскіданая пасля яго растрэлу ў 1938 годзе па гулагаўскіх дзіцячых дамах і лагерах ад Украіны да Магадана, рашучасць выдаць кнігу вершаў умацавалася канчаткова. Ды й Уладзімір Някляеў, сябра ад 70-х гадоў, натрапіўшы на верш са згаданага цыкла ў Фэйсбуку, адгукнуўся: “Хопіць ужо табе лічыць сябе толькі журналістам”. Дагэтуль, хаця вершы ствараліся цягам жыцця, я ніколі іх не друкаваў. Што праўда, была на пачатку 70-х адна спроба прапанаваць нізку вершаў часопісу «Неман». У адказ пачуў: «Вы добра валодаеце вершаванай тэхнікай. Але вершам не хапае грамадзянскай пазіцыі». Я не пакрыўдзіўся. Бо не лічыў сябе здольным сказаць сваё Слова ў паэзіі. Іншая справа – журналістыка, схільнасць да каторай выявілася яшчэ ў студэнцкія гады, з першых публікацый у «Чырвонай змене» -- газеце, дзе з 1930 года па рэкамендацыі Міхася Лынькова пачынаў свой 60-гадовы шлях у журналістыцы бацька. Ды й матуля была да вайны журналісткай, у 1939 годзе, кінуўшы дачку-школьніцу на сяброў, рушыла з войскам у Пінск, дзе стварыла і была першай рэдактаркай «Палескай праўды». А пазнаёміліся бацькі, калі пры канцы 30-х гадоў абодва працавалі ў «Советской Белоруссии»...

Такім чынам, мая схільнасць да журналістыкі абумоўлена генетычна. Але перш, чым яна выявілася канчаткова, было пасля вяртання ў Мінск у 1944 годзе дваровае, школьнае дзяцінства -- спачатку ў музычнай школе пры кансерваторыі, потым у 42-й сярэдняй; студэнцкае, на гістфаку БДУ, юнацтва; настаўніцтва ў вёсцы Далёкія на Браслаўшчыне, каторае, хаця і не было працяглым, адыграла вырашальную ролю ў маім светапоглядзе і канчаткова прывяло ў журналістыку. Бо не столькі я вучыў вёску, колькі яна вучыла мяне таму, што звыкла завецца праўдай жыцця. Пачынаючы з восені 1964 года працаваў літсупрацоўнікам у "Чырвонай змене", "Сельской газете", на розных пасадах у газеце "Знамя юности". З 1976 па 2008 год — уласным карэспандэнтам газеты "Труд" па БССР, галоўным рэдактарам газеты "Труд" в Беларуси". Друкаваўся ў розных газетах, часопісах і зборніках у Беларусі, Расіі і за мяжой. З пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя актыўна супрацоўнічаў з "Народнай газетай", з газетамі "Народная Воля" і «Наша Ніва» у якасці вядучага аўтарскай калонкі "Камертон". Вынікам гэтага плённага супрацоўніцтва сталася кніга нарысаў і эсэ «Мосцік над вечнасцю» (2016 г.)

Супрацоўніцтва з «Нашай Нівай» вярнула мяне да роднай мовы, з каторай я пачынаў у «Чырвонай змене». Дзве нізкі вершаў у «Дзеяслове» увайшлі ў беларускамоўную частку зборніка паэзіі «Я веру ў Цуд» (2018 г.)

Адзін з заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Ваганаў Сяргей :: Publications

pdf

Праз межы Часу

вершы, нарысы, эсэ
Ваганаў Сяргей

Шаноўны чытач! Кніга вядомага журналіста, публіцыста і паэта Сяргея Ваганава, якую ты трымаеш зараз у руках, нездарма мае назву «Праз межы Часу», бо непасрэдна ці ўскосна ахоплівае падзеі, сэнсы, грамадскія настроі, што віравалі і віруюць у жыц­ці краіны ад 40-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён....… More

pdf

Я веру ў Цуд

Вершы розных гадоў (1963–2018)
Ваганаў Сяргей

Вершы, сабраныя ў гэтай кнізе, ствараліся журналістам Сяргеем Ваганавым цягам жыцця, але амаль нідзе не друкаваліся, за выключэннем часопіса “Дзеяслоў”, газеты “Народная Воля”, альманаха “Мишпоха” і Сеціва. Такім чынам, гэта першая паэтычная кніга аўтара, у якой вы знойдзеце і любоўную лірыку, і філасофскую...… More

epub pdf

Мосцік над вечнасцю

Нарысы і эсэ
Ваганаў Сяргей

Тэксты з кнігі часткова друкаваліся ў газетах “Народная Воля” і “Наша Ніва” пад рубрыкай “Камертон”. Гэта нарысы і эсэ пра розныя падзеі, часам нават як бы нязначныя. Агульнае, што яднае іх, — гэта Памяць. Мне заўсёды здавалася, што зразумець сучаснасць і зазірнуць у будучыню немагчыма без памяці пра...… More

epub

Па кім маўчыць звон


Ваганаў Сяргей

Чалавек рэдка зважае на сваё здароўе, калі нічога не баліць. А калі нават пабольвае, трывае. Бо звык. Між тым хвароба паціху падточвае ягоны арганізм — і ўрэшце выбухае нясцерпным болем. Так здараецца і з грамадствам…...… More

epub

Пульт асобы


Ваганаў Сяргей

«Не ўсё так дрэнна было пры Гітлеры…» Можна працягнуць: «Не ўсё так дрэнна было пры Сталіне… пры Мусаліні… пры Кадафі… пры Піначэце… пры… пры…» Усе дыктатуры, нягледзячы на так званыя «нацыянальныя асаблівасці», яднае адна галоўная рыса — асоба дыктатара перадусім… «Не ўсё так дрэнна…» Тут — пра ўсё...… More

epub

Праз межы часу


Ваганаў Сяргей

Людзі сталага веку па-рознаму ўглядаюцца ў мінулае, тым больш на мяжы стагоддзяў. Адны — нібыта праз падзорную трубу выхопліваюць з яго тыя ці іншыя дэталі ды эпізоды. Перад вачыма тых, хто глядзіць у мінулае нібыта праз бінокль, узнікае шырокая панарама адышоўшых у гісторыю падзей. Але ёсць яшчэ ўнутраны...… More

epub

Мосцік над вечнасцю


Ваганаў Сяргей

Няма, мусіць, чалавека, які хаця б раз у жыцці не задумваўся над тым, дзеля чаго ён з’явіўся з нябыту, якая сувязь існуе паміж ім, продкамі і нашчадкамі, як адбіваецца гэтая сувязь на ягоным жыцці і жыцці, што віруе навокал, пакуль ён сам бездапаможна не сыдзе ў нябыт…...… More

epub

Постаці


Ваганаў Сяргей

Пра тых, з кім звяло жыццё…...… More

epub

Развітанне з будучыняй


Ваганаў Сяргей

«…Дарэчы, і тваю школу ў Далёкіх з верасня зачынілі, — Ванда бездапаможна ўздыхнула, і размова доўжылася пра Опсу, пра школу-інтэрнат, у якой прайшло ўсё яе, цягам 40 гадоў, настаўніцкае жыццё. — Зачыненая, ужо другі год як зачыненая…» Школа-інтэрнат, дзе вучыліся і жылі дзеткі-сіроты з усёй Віцебшчыны...… More

pdf

Літаратурная Беларусь 5 (189) 2022

Культурна-асветніцкі праект

120 гадоў таму 20 траўня непадалёк ад Мінска ў вёсцы Каралішчавічы нарадзіўся адзін з самых таленавітых і трагічных беларускіх паэтаў Язэп Пушча (Іосіф Паўлавіч Плашчынскі). Ён быў пятым cынaм y cям’i непісьменных сялян. Рaнa дaлyчыўcя дa пpaцы i ў двaнaццaць гaдoў, пaводле ягo cлoў, «y кacьбe aмaль...… More

Kamunikat.org – Belarusian Internet Library
Permission for reprints of the resources is granted only with the credit to the source.
Permission for reprints on the Internet is granted only with the hyperlink to the Kamunikat.org site.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Copyright © 2000-2023 by Kamunikat.org