У Вільні адкрыўся фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA
2025-10-11 10:05
VII Міжнародны фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA адкрыўся 10 кастрычніка ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Сёлета ён ладзіцца пад лозунгам «Птушкі без гнёздаў», які адсылае да асобы Ларысы Геніюш, якая стала сімвалам нязломнасці і вернасці сваім ідэалам.
Паводле прэс-сакратара
Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, каардынатара віленскай «Прадмовы»
Ціхана Чарнякевіча, кожны лозунг фестываляў заўжды метафарычны.
- Нам падалося, што вось гэты час вельмі блізкі фестывалю, таму што мы ўсе існуем, мы ёсць, але з гнёздамі ў многіх праблема. І таму цытата з Ларысы Геніюш досыць адпавядае сучаснай літаратурна-культурнай і ўвогуле ўсёй беларускай сітуацыі. Мы спрабуем дзесьці ўсталявацца, але гнёзды нашы засталіся ў Беларусі.
Як кажа куратарка Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча Паўліна Вітушчанка, праграма «Прадмовы» вельмі інтэнсіўная:
- Гэтым разам праграма сапраўды разлічаная на кожнага гледача, на кожнага чытача. Там ёсць і для самых маленькіх спектакль, і канешне, для дарослых, кнігі розных густаў. І, канешне, нагода спаткацца з любімымі аўтарамі.
VII Міжнародны фестываль PRADMOVA пройдзе ў чатырох гарадах Еўропы — Вільні, Празе, Познані і Варшаве. У праграме фестывалю прэзентацыі кніг, дыскусіі, спектаклі, традыцыйная «Ноч паэіі» ды іншае.
Праграма фестывалю.
Цалкам матэрыял — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя